Фото: t.me/V_Zelenskiy_official
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падзякаваў Святлане Ціханоўскай за салідарнасць і заявіў, што Беларусь не павінна быць уцягнутая ў вайну яшчэ больш.
Святлана Ціханоўская ў сацсетцы X адрэагавала на ўдар Расіі па жылым шматпавярховым доме ў Кіеве, у выніку якога, паводле апошніх даных, загінула не менш за сем чалавек.
«Расія зноў паказала, што яна не імкнецца да міру: ракеты, дроны, знішчаныя дамы і мірныя жыхары, пахаваныя пад заваламі ў Кіеве. Украіна абараняе ўсю Еўропу ад тэрору і агрэсіі. Ёй патрэбна больш падтрымкі, мацнейшая СПА і працяг ціску на Расію», — напісала яна.
У адказ Зяленскі падзякаваў лідарцы беларускіх дэмсіл за падтрымку.
«Дзякуй за падтрымку! Салідарнасць важная. Важна, каб народ Беларусі чуў нас і не дапусціў, каб Беларусь была яшчэ больш уцягнутая ў гэтую расійскую вайну, якая пагражае ўсім народам рэгіёна», — напісаў Зяленскі.