Зяленскі прызначыў в.а. міністра абароны

Выконваючым абавязкі міністра абароны Украіны прызначаны Яўген Хмара. Пра гэта паведаміў прэзідэнт краіны Уладзімір Зяленскі.

Паводле яго слоў, ён даручыў Хмары выконваць абавязкі кіраўніка Мінабароны, працягнуць рэфармаванне абароннай сферы і забяспечыць рэалізацыю пастаўленых задач.

«Пасля таго як неабходныя юрыдычныя працэдуры будуць выкананы, буду звяртацца да парламентарыяў па падтрымку кандыдатуры Яўгена Хмары на пасаду міністра абароны Украіны», — заявіў украінскі лідар.

Ён адзначыў, што Хмара мае досвед правядзення далёкабойных тэхналагічных аперацый супраць Расіі, а таксама працы ў Цэнтры спецыяльных аперацый «Альфа» Службы бяспекі Украіны. На думку Зяленскага, гэты досвед павінен стаць перавагай на пасадзе кіраўніка абароннага ведамства.

«Вядома, мы працягнем рэалізоўваць усе актыўныя праграмы па развіцці і ўмацаванні нашых Сіл абароны — ад прамога фінансавання баявых брыгад і справядлівага размеркавання асабовага складу па брыгадах да максімальнага забеспячэння НРК усімі тыпамі дронаў і аператыўнай рэалізацыі дамоўленасцяў з партнёрамі», — адзначыў ён.

Нагадаем, напярэдадні Міхаіл Фёдараў паведаміў пра адстаўку з пасады міністра абароны, якую займаў са студзеня 2026 года. З-за гэтага ва Украіне сёння прайшлі шматлікія мітынгі, а намеснік камандуючага Паветранымі сіламі Павел Елізараў падаў рапарт аб звальненні.

На сённяшнім брыфінгу Фёдараў расказаў, што Уладзімір Зяленскі прапаноўваў яму застацца сваім дарадцам, але ён адмовіўся. Ён таксама заявіў, што Украіна зможа перамагчы Расію, калі прэзідэнт заменіць галоўнакамандуючага УСУ Аляксандра Сырскага і начальніка Генеральнага штаба УСУ Андрэя Гнатава.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!