Фото: t.me/olympicteamby
Гендарнае тэсціраванне спартсменаў у Беларусі плануюць пачаць праводзіць са жніўня гэтага года. Яно неабходнае для выканання новых патрабаванняў Міжнароднага алімпійскага камітэта да ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях 2028 года ў Лос-Анджэлесе. Згодна з новымі правіламі, да жаночых спаборніцтваў не будуць дапускацца трансгендарныя спартсменкі і спартсменкі з мужчынскім наборам храмасом.
Гэтае пытанне 16 ліпеня разгледзелі на пасяджэнні медыцынскай і антыдопінгавай камісіі Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі.
Як адзначыла дырэктарка РНПЦ спорту і старшыня камісіі Ірына Маляваная, абавязковае гендарнае тэсціраванне ўжо ўвялі пяць міжнародных спартыўных федэрацый — па боксе, лёгкай атлетыцы, плаванні, рэгбі і веласпорце.
«Беларускія атлеты плануюць пачаць тэсціраванне ў жніўні для магчымасці ўдзелу ў турнірах у верасні гэтага года. Аднак пратакол гэтага тэсціравання Міжнародным алімпійскім камітэтам яшчэ не прапісаны.
На пасяджэнні вызначаны магчымыя механізмы рэалізацыі гэтых патрабаванняў, крыніцы фінансавання, методыка правядзення дадзеных аналізаў і юрыдычныя пытанні, якія неабходна будзе вырашыць падчас правядзення гэтага віду тэсціравання», — адзначыла яна.
Таксама былі абмеркаваны вынікі пасяджэнняў медыцынскіх і антыдопінгавых камісій Еўрапейскага алімпійскага камітэта і МАК і планы працы камісіі на 2027 год, паведамілі ў прэс-службе НАК.