Фото: t.me/autoonliner
У Мінску вызначылі 26 першачарговых месцаў, дзе існуе рызыка падтаплення падчас моцных ападкаў. На сямі аб’ектах ужо вядуцца будаўніча-мантажныя работы па зніжэнні верагоднасці падтапленняў, піша «Мінск-Навіны».
Пытанне прафілактыкі падтапленняў абмеркавалі на рабочай нарадзе пад кіраўніцтвам старшыні Мінгарвыканкама Уладзіміра Кухарава.
Як паведаміў дырэктар прадпрыемства «Гардарбуд» Сяргей Панеў, выяўленыя патэнцыйна праблемныя ўчасткі патрабуюць розных рашэнняў. Сярод іх — устаноўка дадатковых дажджапрыёмных калодзежаў і аварыйных выпускаў, будаўніцтва новых сетак ліўневай каналізацыі або павелічэнне іх прапускной здольнасці.
«Цяпер мы праводзім будаўніча-мантажныя работы на сямі такіх месцах. Выяўленыя дэфекты, якія можна ліквідаваць сіламі эксплуатуючых арганізацый, ухіляюцца ў рабочым парадку», — расказаў ён.
На нарадзе таксама разгледзелі сітуацыю з нядаўнім падтапленнем праезнай часткі ў комплексе «Мінск-Мір».
Кухараў даручыў узмацніць кантроль за станам дажджапрыёмных калодзежаў і ліўневай каналізацыі, а таксама забяспечыць іх своечасовую ачыстку ад глею і пясчаных наносаў. Рэканструкцыя сістэм ліўневай каналізацыі, паводле яго слоў, павінна праводзіцца ва ўстаноўленыя тэрміны.