Зяленскі пра начныя ўдары па РФ: Расіі трэба завяршаць сваю вайну

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пракаментаваў начныя ўдары ўкраінскіх беспілотнікаў па расійскіх аб’ектах. Паводле яго слоў, украінскія дроны пераадолелі каля 1000 кіламетраў да раёна Пецярбурга і нанеслі ўдары па арсеналах Ваенна-марскога флоту Расіі і базе ў Кранштаце. Таксама беспілотнікі пераадолелі каля 500 кіламетраў да Краснадарскага краю і атакавалі нафтабазу.

Украінскі лідар назваў гэта вынікам сумеснай працы Узброеных сіл Украіны, Службы бяспекі і Галоўнага ўпраўлення разведкі.

“Расіі трэба завяршаць сваю вайну і спыняць удары па жыцці. Любыя праявы несправядлівасці супраць Украіны атрымаюць справядлівы адказ”, — заявіў ён.

Нагадаем, 4 чэрвеня Зяленскі ў адкрытым лісце прапанаваў Пуціну правесці асабістую сустрэчу для завяршэння вайны ў нейтральнай краіне — Швейцарыі, Турцыі або адной з дзяржаў арабскага свету і ўключыць Еўропу ў працэс мірнага ўрэгулявання. Ён заявіў, што Украіна гатовая да поўнага спынення агню на час перамоў, да абмену ўсімі ваеннапалоннымі паводле прынцыпу «ўсіх на ўсіх», а таксама настойвае на вяртанні грамадзянскіх асоб і дзяцей, вывезеных падчас вайны.

Украінскі прэзідэнт таксама заявіў, што Кіеву вядома пра планы Расіі працягваць вайну да 2027–2028 гадоў і пра намер глыбей уцягнуць у канфлікт Беларусь. Ён папярэдзіў, што калі Пуцін асабіста не прыйдзе да рашэння завяршыць вайну, Украіна працягне змагацца.

Пуцін назваў ліст хамскім, заявіў, што не бачыць сэнсу сустракацца, і звярнуўся да расійскіх вайскоўцаў з заклікам «Працуйце, браты».

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!