Зяленскі: Мы цэнім кожную праяву падтрымкі з боку беларусаў

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што Украіна падтрымлівае імкненне беларускага народа вызваліцца ад расійскага ўмяшання, і выказаў перакананне, што паміж дзвюма краінамі настане дзень добрасуседскіх адносін на аснове рэальнай незалежнасці ад Масквы. Гэта прагучала падчас сённяшняй сустрэчы з кіраўніцай Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі Святланай Ціханоўскай.

«Мы ўсе падтрымліваем імкненне народа Беларусі пазбавіцца ад расійскага ўмяшання і ведаем, што Расія цяпер спрабуе яшчэ больш уцягнуць Беларусь у гэтую вайну супраць Украіны. І мы цэнім кожную праяву падтрымкі з боку беларусаў у адрас свабоднай Украіны», – сказаў украінскі лідар.

Зяленскі адзначыў пазіцыю Святланы Ціханоўскай адносна адказнасці рэжыму Аляксандра Лукашэнкі за вайну Расіі супраць Украіны з 2022 года праз выкарыстанне тэрыторыі Беларусі для наземнай аперацыі, запуску ракет і размяшчэння расійскага ўзбраення.

«Украіна ніколі не была пагрозай для Беларусі. І мы ўдзячныя тым беларусам, якія цяпер на баку Украіны, калі вырашаецца лёс і нашай незалежнасці, і незалежнасці кожнага народа, што мяжуе з Расіяй», – прыводзіць яго словы прэс-служба.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!