Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што не будзе спыняцца на санкцыях супраць Аляксандра Лукашэнкі. Абмежаванні могуць закрануць і яго атачэнне. Пра гэта ён заявіў у інтэрв’ю “Зеркалу”.
“Санкцыйная палітыка — гэта першы крок, як я і сказаў. Мы будзем развіваць і працуем зараз над юрыдычнай базай па яе працягу. Гэта будзе тычыцца не толькі Лукашэнкі. Мы гаворым пра яго атачэнне, пра яго сыноў і гэтак далей. І яшчэ адна гісторыя, як я і казаў: мы будзем сачыць за ўсёй той ваеннай дапамогай, якую ён дае [Расіі]”, — сказаў ён.
Паводле слоў Зяленскага, самі ж санкцыі, нядаўна ўведзеныя ў дачыненні да Лукашэнкі, як і змены ўкраінскай палітыкі на беларускім кірунку, гэта сігнал афіцыйнаму Мінску, які дэманструе стаўленне Кіева да далейшага ўцягвання Беларусі ў вайну.
“Што тычыцца санкцый — да мяне даўно звярталіся еўрапейцы, якія ўводзілі абмежаванні, шмат іншых краін. Мы, скажам так, мелі свае «чырвоныя лініі» па гэтым пытанні. Мы дэманструем зараз палітычнымі крокамі наша стаўленне да таго, што ён уцягваецца ў вайну і дапамагае Пуціну. Але гэта выключна палітычныя або эканамічныя крокі, якія не закранаюць, дарэчы, фінансаў простых беларусаў. Гаворка выключна пра адну гэтую персону.
Але тым не менш ён павінен гэта разумець: мы сочым, да нас звяртаюцца еўрапейцы, мы будзем працягваць адпаведную палітыку, калі Лукашэнка не апамятаецца і не спыніцца”, — сказаў ён.
Уладзімір Зяленскі пакуль не стаў адназначна адказваць на пытанне, ці будзе ўзбуджана супраць Лукашэнкі крымінальная справа ва Украіне.
“Гэта пытанне да іншых ведамстваў. Пакуль не буду гаварыць пра гэта, але ўсе адпаведныя органы будуць займацца гэтым кірункам таксама”, — дадаў ён.
Украіна таксама мае намер данесці сваю пазіцыю ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі да амерыканскага боку, які вядзе з ім перамовы.
“Мы не падымалі пытанне Лукашэнкі з амерыканскім бокам, бо бачылі, што амерыканцы настроены знайсці камунікацыю з ім, выйсці на вынік дыпламатычным шляхам. Мы будзем уключацца зараз у гэты трэк і будзем прамаўляць з ЗША, што так не можа быць, што ён падтрымлівае расійскі рэжым — падтрымлівае вайной, а не толькі яго геапалітыку.
Ён дапамагае забіваць грамадзянскіх. У нас ёсць доказы, у нас усё гэта ёсць на картах, усё зафіксавана на відэа і гэтак далей: як з тэрыторыі Беларусі, дзякуючы рэтранслятарам, заходзілі «Шахеды». Гэта злачынства, бо яны дапамагалі агрэсару — гэта факт. Пасля нанясення гэтых удараў гінулі грамадзянскія. То бок для нас гэта злачынства. І зараз мы будзем займацца юрыдычнай складовай гэтых злачынстваў”, — сказаў ён.
Зяленскі ў цэлым не супраць таго, што ЗША вядуць перамовы з Лукашэнкам. Ён таксама прывітаў тое, што ў выніку на волю выходзяць палітвязні. Аднак украінскі прэзідэнт не падтрымлівае зняцця санкцый з Мінска.
Поўнасцю інтэрв’ю можна прачытаць тут.
