Фото: t.me/Koord_shtab
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што «ў найбліжэйшы час» чакаецца абмен палоннымі з Расіяй. Пра гэта ён паведаміў, інфармуючы пра даклад украінскай дэлегацыі, якая ўдзельнічае ў трохбаковіх перамовах з ЗША і Расіяй у Абу-Дабі.
Паводле слоў Зяленскага, на працягу дня адбыліся сустрэчы ў трохбаковым фармаце, а таксама асобныя кантакты ўкраінскай каманды з амерыканскім бокам. Пра ход перамоваў прэзідэнту далажылі міністр абароны Рустэм Умераў, кіраўнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Кірыл Буданаў і кіраўнік парламенцкай фракцыі «Слуга народа» Давід Арахамія.
“Мы абмеркавалі прамежкавыя вынікі перамоваў у гэты дзень. Працягнем заўтра. Таксама будзе важкі крок: мы чакаем у найбліжэйшы час абмен ваеннапалоннымі. Трэба вяртаць палонных дадому», — заявіў украінскі лідар.
Ён падкрэсліў, што пазіцыя Украіны застаецца нязменнай: вайна павінна быць завершаная, і Расія павінна быць гатовая да рэальных крокаў у гэтым кірунку.
“І ў цэлым наша ўкраінская пазіцыя вельмі выразная: вайну трэба заканчваць рэальна. Менавіта Расія павінна быць гатовая да гэтага. І таксама партнёры павінны быць гатовыя забяспечыць гэта рэальна сваімі рэальнымі гарантыямі — гарантыямі бяспекі, — сваім рэальным ціскам на агрэсара. І тым, каб ужо цяпер адчувалася — каб людзі ва Украіне гэта адчувалі, — што сітуацыя сапраўды ідзе да міру, да завяршэння вайны, а не да таго, што расіяне будуць выкарыстоўваць усё сабе на карысць і працягваць удары.
Не павінна быць узнагароды агрэсару. Калі нейкая ўзнагарода агрэсару будзе, Расія з часам сарве любую дамоўленасць”, — падкрэсліў ён.
Нагадаем, папярэдні абмен палоннымі паміж Украінай і Расіяй адбыўся ў кастрычніку 2025 года. Ён прайшоў праз Беларусь. Тады дадому вярнуліся 185 украінскіх абаронцаў і 20 грамадзянскіх асоб. У снежні Зяленскі заяўляў, што працэсы абмену палоннымі паміж Украінай і Расіяй былі фактычна прыпыненыя з-за пазіцыі расійскага боку.