Жук пра блакіроўку YouTube: Лукашэнка не прыхільнік забаронаў

Навіны
Фото: unsplash.com

Новы міністр інфармацыі Дзмітрый Жук лічыць, што з міжнароднымі інтэрнэт-платформамі трэба шукаць іншыя механізмы ўзаемадзеяння. Так ён адказаў на пытанне пра магчымую блакіроўку YouTube пасля выдалення відэахостынгам каналаў трох дзяржаўных СМІ.

“Любое рашэнне, асабліва такога плану, як забарона, павінна быць дакладна прадумана. Павінны быць прадуманы яго наступствы. Яно павінна быць мэтазгодным і эфектыўным. Калі мы дэкларуем, але не можам рэалізаваць, то лепш увогуле не дэклараваць. Што датычыцца платформаў, якія выкарыстоўваюцца грамадзянамі Беларусі, дзейнічаць трэба вельмі асцярожна. Вы ведаеце і пазіцыю прэзідэнта, ён не прыхільнік забаронаў. Трэба шукаць іншыя механізмы ўзаемаадносін з гэтымі буйнымі ігракамі сусветнай медыяпрасторы”, – цытуе Жука БелТА.

Жук дадаў, што пры прызначэнні Лукашэнка гаварыў пра інфармацыйную вайну.

“Яна ідзе вельмі жорстка, без правілаў. Нядаўні прыклад – выдаленне з YouTube трох каналаў нашых вядучых СМІ. І адна з задач – не дапусціць, каб інфармацыйная вайна стала гарачай. Няхай яна застаецца ў інфармацыйнай сферы. Змагацца давядзецца на чужой тэрыторыі – на тым жа YouTube, у Instagram”, – сказаў ён.

Новы міністр падкрэсліў, што найважнейшым звяном тут з’яўляюцца работнікі дзяржаўных СМІ, якія ў яго разуменні з’яўляюцца салдатамі інфармацыйнай вайны.

“Асяроддзе прымянення іх намаганняў – гэта пытанне тэхналогій, і мы не ведаем, што нам падкінуць заўтра. Але мы павінны дакладна разумець, што гэта ідэалагічна вывераныя, пісьменныя людзі, якія здольныя і тэхналагічна асвойваць любыя фарматы працы. Гэта самае важнае, што трэба будзе зрабіць у інфармацыйнай сферы”, – дадаў ён.

Яшчэ адной сваёй задачай Жук бачыць абарону ад “інфармацыйнага ўварвання негатыўных трэндаў, якія супрацьнатуральныя маралі беларусаў”.

Трэба адзначыць, што падчас прызначэння Аляксандр Лукашэнка закрануў тэму YouTube. Паводле яго слоў, ідзе ідэалагічная вайна.

“Што датычыцца нашай ідэалагічнай складовай – ідзе вайна. Пакуль на ідэалагічным фронце. Можа быць, і дзякуй богу. Будзем пакуль ваяваць. Вы бачыце, што часам нядобрасумленна з намі паступаюць, як YouTube там каналы. Вы людзі вопытныя і часта пра гэта самі гаворыце і не толькі. Вядомыя нашы перадачы ў Эйсманта, я назіраю за вашымі разважаннямі. Вы гэта выдатна ведаеце – ідзе вайна. І павінен сказаць, гэта тэма Адміністрацыі прэзідэнта, у нас не ўсё добра тут”, – сказаў Лукашэнка.

Ён таксама адзначыў, што ў Беларусі не вельмі добра ідуць справы з кіно.

“Не я гэта сказаў, але абсалютна падтрымліваю. Тое, што мы закінулі кіно, гэта нікуды не годзіцца”, – дадаў Лукашэнка.

Нагадаем, сёння Аляксандр Лукашэнка прызначыў міністра інфармацыі Марата Маркава міністрам культуры, а на яго месца ў Мінінфарм прыйшоў Дзмітрый Жук, які да гэтага ўзначальваў выдавецкі дом “Беларусь сёння”.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.