Жанчына не з кветкамі, а з полымем: чаму флэшмоб Марыны Ментусавай «Давайце паліць» такі сімвалічны?

Сёння феміністка і вядучая «Обычного утра» Марына Ментусава ў сваім інстаграме апублікавала фотаздымкі, на якіх падпальвае цыгарэту ад палаючага партрэта Аляксандра Лукашэнкі.

«Курэнне забівае. Дыктатары таксама. З «годам беларускай жанчыны», дарагія, давайце паліць!»падпісала здымак Марына Ментусава.

Фота: Johnny Cosmic

Такім чынам яна падключылася да флэшмобу іранскіх жанчын, якія падпальваюць цыгарэты палаючымі здымкамі вярхоўнага лідара Ірана аятолы Алі Хаменеі. Відэа, на якім маладая жанчына прыкурвае цыгарэту ад партрэта іранскага лідара, стала сімвалам іранскіх пратэстаў. Чаму такі просты жэст стаў магутным сімвалам супраціву? Таму што ён дзёрзкі і шматслойны і аб’ядноўвае акт, які наўпрост кідае выклік палітычнаму і рэлігійнаму кіраўніцтву, з паводзінамі, якія доўгі час не заахвочвалася для іранскіх жанчын, то-бок паленнем цыгарэт.

Іранская дзяўчына паліць партрэт аятолы Алі Хаменеі. Фота: x.com

Фотаздымак з Марынай Ментусавай распаўсюдзіўся ў незалежных медыях і сацсетках не проста як акт салідарнасці з іранскімі пратэстоўцамі. А як паралельная акцыя сімвалічнага супраціву. Як дакладны і актуальны жэст, што фіксуе перамены ў грамадскай свядомасці беларусаў.

Жанчына не з белымі кветкамі, а з палаючым партрэтам дыктатара – сімвал відавочна супрацьлеглы пратэстам 2020-га, якія змянілі характар пасля акцыі жанчын у белым каля Камароўскага рынку.

«Давайце паліць», – кажа Марыя Ментусава ў бяспечным месцы.

Сімвалічныя акты супраціву надзвычай важныя і дзейсныя. І цяпер няважна, што, як закідваюць у каментах, здымак зроблены не на ўмоўным полі бою. Іх сіла ў іншым.

З аднаго боку, такія сімвалічныя дзеянні могуць імгненна распаўсюджвацца ў Сеціве, а іх аўтары пазбягаць рэпрэсій, з іншага – яны здольныя ператвараць боль і расчараванне ў сілу, якая змяняе хаду падзей.

Ну і абвешчаны ў Беларусі «Год беларускай жанчыны» цяпер займеў зусім іншае візуальнае аблічча, якое ўжо не разбачыць.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!