Ольга Зазулинская и новый представитель ОПК по социальной политике Юлия Мицкевич. Фото: пресс-служба ОПК.
Цяпер ужо былая прадстаўніца АПК па сацыяльнай палітыцы Вольга Зазулінская ўзначаліла Дэмакратычную місію Беларусі ва Украіне. Пра гэта было абвешчана сёння на канферэнцыі “Новая Беларусь”. Яна пагадзілася адказаць на некалькі пытанняў Reform.news пасля прызначэння.
– Чым не задавальняла папярэдняя кіраўніца місіі Святлана Шаціліна?
– Я не магу адказваць за офіс, што задавальняла ці не задавальняла. Мне зрабілі прапанову. Мне гэтая прапанова цікавая. Мне ў прынцыпе цікавы ўкраінскі кірунак. Я лічу, мы недапрацоўвалі ў гэтым кірунку. У нас ёсць магчымасць паспрабаваць узмацніць, таму што Украіна сёння стратэгічны кірунак для Беларусі. І плюс да ўсяго тое, што я бачыла, ужо працуючы ў прадстаўніцтве па сацыяльнай палітыцы, велізарныя праблемы ў беларусаў, якія не з’явіліся сёння, яны, на жаль, назапашваліся, назапашваліся. І мы маем тое, што маем. Я люблю выклікі. Скажам так.
– Ужо ёсць нейкі план дзеянняў?
– Першае, што я зраблю пасля свайго прызначэння, – даеду ва Украіну. Другое – я хачу пагаварыць з усімі беларусамі, ініцыятывамі, арганізацыямі, якія на сёння працуюць ва Украіне, якія прадстаўляюць беларускую грамадскасць. Гэта, безумоўна, пытанні легалізацыі: 141-я пастанова, якая абмяжоўвае беларусаў інструментамі легалізацыі з-за пратэрмінаваных пашпартоў. Ну і, у прынцыпе, будзем пашыраць палітычную прадстаўленасць ва Украіне.
– Цяпер ёсць асабіста ў вас кантакты з украінскай уладай? Таму што ў любой краіне вырашэнне пытанняў беларусаў, якія жывуць у гэтай краіне, залежыць ад такіх кантактаў…
– Ёсць камунікацыі Офіса Святланы Ціханоўскай з офісам прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага. У нас ёсць дамоўленасці аб тым, што будуць створаны некалькі працоўных груп па розных кірунках такога міжміністэрскага і грамадзянскага фармату. Нейкія экспертныя групы, якія будуць працаваць па асобных кірунках. На жаль, мы трапілі ў такі часавы перыяд, калі змяніўся Кабінет міністраў ва Украіне, і, магчыма, трэба будзе правесці яшчэ адзін раўнд сустрэч. Таму пакуль так.
– На днях здарылася гісторыя з беларускім актывістам Аляксеем Францкевічам, які жыве ва Украіне, якога не ўпусцілі ў Польшчу. Ці будзеце нейкім чынам дапамагаць вырашаць такія праблемы?
– Па-першае, мяне гэтая сітуацыя вельмі непакоіць, таму што гэта ўжо другі выпадак (у чэрвені ў Польшчу не ўпусцілі дэлегатку КР Таццяну Мартынаву – заўв. reform.news) канкрэтна ў дачыненні да грамадзян Беларусі, якіх не ўпускаюць на тэрыторыю Еўрапейскага саюза. Тыя грамадзяне Беларусі, якія пастаянна пражываюць ва Украіне, пры гэтым маюць беларускія пашпарты, ездзяць па візах. І другая забарона на ўезд на 10 гадоў. Мне складана казаць, якія прычыны гэтага. Мне здаецца, тут мы ідзём стандартным шляхам. Гэта запыты для таго, каб польскі бок растлумачыў прычыны. Я думаю, што, хутчэй за ўсё, фармулёўка будзе звязана з бяспекай. Аляксей, у прыватнасці, Таццяна пакуль не атрымалі адказы ад польскага боку.
– Канкрэтна вас датычыцца пытанне. Вы пераязджаеце з Літвы ва Украіну. А як вырашаецца ваша пытанне з дакументамі і ці будзе нейкі афіцыйны статус з падтрымкай украінскай дзяржавы ў гэтым пытанні?
– Пакуль я буду ўязджаць па візе, у мяне няма магчымасці легалізавацца пастаянна ва Украіне, таму што ў мяне скончыўся тэрмін дзеяння беларускага пашпарта, у мяне ёсць толькі жэнеўскі трэвэл-дакумент. Ніякіх інструментаў для легалізацыі ў мяне ва Украіне няма. Але гэта пытанне часу – калі ёсць запыт і ёсць праблема, буду яе вырашаць.