Фота: Reform.news.
“На сёння Kamunikat удалося аднавіць практычна да таго стану, у якім ён быў да атакі”, – пра гэта паведаміў Яраслаў Іванюк на творчай сустрэчы з чытачамі ў Цэнтры Беларускай Салідарнасці ў Варшаве.
Заснавальнік Беларускай інтэрнэт-бібліятэкі і выдавец прызнаўся, што адмыслова не рабіў загадзя публічнай заявы, каб не даваць магчымасць хакерам сапсаваць добрую навіну.
“Ад сёння бібліятэка даступная, жыве і працуе”, — зазначыў ён.
Назаўсёды «згубіліся» адзінкавыя файлы, пераважна гэта ілюстрацыі да архіўных навін.
Як падкрэсліваецца на сайце бібліятэкі, пасля атакі каманда ўзмацніла меры бяспекі наколькі гэта магчыма – “перагледзелі падыходы да рэзервовага капіравання, узмацнілі абарону сайта, перавынайшлі частку працэсаў так, каб праект быў больш устойлівы да падобных атак у будучынi”.
У планах праекта — новы сайт на сучасным рухавіку.
“Найбольш важкая задача — «пасябраваць» з ім архівы, што маем. Але мы гэта зробім”, — адзначаюць стваральнікі.
Нагадаем, што 7 траўня 2026 года на сервер Kamunikat.org была здзейснена моцная атака, у выніку якой былі выдалены ўсе файлы, якія збіраліся напрацягу 25 гадоў. Зараз бібліятэку ўдалося аднавіць. Над гэтым каманда і адмыслоўцы працавалі больш за месяц.
Напрыканцы 2025 года рэжым прызнаў змест сайта бібліятэкі «экстрэмісцкімі матэрыяламі». 3 сакавіка 2026 года беларускі КДБ уключыў Kamunikat у склад неіснуючай «кааліцыі друкаваных выдавецтваў» і абвясціў «экстрэмісцкім фармаваннем». Атаку на рэсурс 7 траўня можна назваць часткай палітычнага ціску на незалежную беларускую культурную інфраструктуру.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram