Скриншот видео ВоенТВ. Иллюстративное изображение
З моманту ўступлення ў сілу закона аб альтэрнатыўнай службе ў Беларусі прайшло 10 гадоў. Як паведаміў начальнік упраўлення арганізацыі работы дзяржаўнай службы занятасці насельніцтва і альтэрнатыўнай службы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Сяргей Кацко, за гэты час на альтэрнатыўную службу былі накіраваныя 345 прызыўнікоў.
«Альтэрнатыўшчыкам не становяцца проста па жаданні, для гэтага патрэбныя глыбокія рэлігійныя перакананні, якія не дазваляюць трымаць зброю або яе вырабляць. Гэта вызначае прызыўная камісія. За 10 гадоў на такую службу накіравана 345 маладых людзей. Больш за ўсё з Гродзенскай вобласці — 85 чалавек», — прыводзіць яго словы БелТА.
Каля паловы тых, хто праходзіць альтэрнатыўную службу, складаюць хрысціяне веры евангельскай, прыкладна 27% — сведкі Іеговы. Таксама сярод іх ёсць евангельскія хрысціяне-баптысты, праваслаўныя і прадстаўнікі іншых канфесій.
Паводле слоў прадстаўніка ведамства, больш за 54% тых, хто праходзіць альтэрнатыўную службу, працуюць ва ўстановах аховы здароўя. Астатнія занятыя ў пансіянатах, тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, а таксама на аб’ектах жыллёва-камунальнай і лясной гаспадаркі.