Выдвараным з Беларусі экс-палітвязням анулявалі пашпарты — СМІ

(абноўлена) Вызваленым палітычным зняволеным, прымусова вывезеным з Беларусі, анулююць пашпарты. Пра гэта «Еўрарадыё» расказаў адзін з былых палітвязняў.

Ён зайшоў на сайт МУС, каб праверыць свой статус, але ўбачыў, што яго пашпарт несапраўдны. З такой жа праблемай сутыкнуліся і іншыя былыя палітвязні. Пакуль яна не датычыцца людзей, якія былі вызвалены ў гэтым годзе.

Прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета па сацыяльнай палітыцы Вольга Зазулінская заявіла, што такая тактыка ўладаў з’яўляецца працягам рэпрэсій. Ануляванне пашпарта азначае праблемы з легалізацыяй, доступам да працы, жылля і базавых паслуг. Людзям без пашпартоў таксама давядзецца тэрмінова афармляць альтэрнатыўныя праязныя дакументы.

«Гэта яшчэ раз паказвае: гаворка не пра «гуманнасць» або «жэсты добрай волі», якія спрабуе дэманстраваць рэжым Лукашэнкі. Гэта працяг рэпрэсій — проста ў іншай форме і ўжо за межамі краіны», — адзначыла яна.

Зазулінская паабяцала, што гэтае пытанне будзе ўздымацца на перамовах, у тым ліку з амерыканскім бокам, а таксама з уладамі Літвы і Польшчы.

Пашпарты былі прызнаны несапраўднымі ў людзей, якім аддалі дакументы пры вывазе з Беларусі.

Адзін з экс-палітвязняў, вывезеных з Беларусі ў верасні мінулага года, расказаў праваабарончаму цэнтру «Вясна», што яго пашпарт і пашпарты іншых людзей з яго групы ануляваныя.

«Тыя, з кім я маю зносіны з нашай групы, таксама праверылі. Аказалася, ва ўсіх пашпарты несапраўдныя. Я думаю, такая сітуацыя абсалютна ва ўсіх, хто выехаў з дакументамі, а гэта каля 20-25 чалавек», — расказаў ён.

Паводле слоў экс-палітвязня, тэрмін дзеяння пашпарта заканчваўся ў 2031 годзе, а яшчэ ў лістападзе 2025 года ён карыстаўся дакументам і той быў сапраўдны.

Блогер Дзмітрый Казлоў — адзін з тых, чый пашпарт быў ануляваны. Тэрмін яго дзеяння заканчваўся ў 2032 годзе. Паводле слоў Казлова, яшчэ тыдзень таму ён з гэтым пашпартам ездзіў у Варшаву і лётаў у Брусель. «У мяне правяралі дакументы, і праблем не было ніякіх. Магчыма, гэта не ўплывае на еўрапейскія праверкі, бо базы МУС Беларусі там не глядзяць», — расказаў ён.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, пашпарты таксама ануляваныя ў экс-палітвязняў, якіх вызвалілі ў снежні 2025 года.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!