Выбаркам фіксуе нізкую яўку на выбарах у Каардынацыйную раду

Яўка на выбарах у Каардынацыйную раду праз двое сутак пасля фактычнага пачатку галасавання застаецца нізкай. Пра гэта на прэс-канферэнцыі заявіла кіраўніца Выбарчай камісіі Алена Прыходзька. Паводле яе слоў, прагаласавалі 789 чалавек.

“Яўку пакуль можна назваць вельмі нізкай. І гэта можа быць звязана з рознымі чыннікамі. Ацэнку гэтым чыннікам я пакуль даваць не гатовая, таму што гэта ўсё ж такі, я так думаю, комплексныя прычыны, але тым не менш, можам пакуль зафіксаваць нізкую яўку, і на дадзены момант прагаласавала 789 чалавек. Гэта менавіта ўжо тыя галасы, якія зафіксаваныя і адданыя за пэўныя спісы”, — сказала яна.

Прыходзька запэўніла, што платформа для галасавання працуе. З моманту яе фактычнага запуску пасля DDOS-атак яна была недаступная ўсяго 25 хвілін.

Паводле яе слоў, Выбарчая камісія атрымала адну скаргу, а таксама два запыты.

“Гэта скарга на дзеянні лідара спіса Юрася Зянковіча і на факт, які ён зафіксаваў, што ў яго там атрымалася прагаласаваць праз скан пашпарта. Вось гэты кейс і гэтая скарга будзе сёння разглядацца на афіцыйным пасяджэнні”, — сказала яна.

Яшчэ два запыты накіраваў Сяргей Пятрухін, у адным 40 пытанняў, а ў другім — 20.

“На кожнае з пытанняў ён просіць адказаць дасканала, а не агульнымі словамі. Ну і я ўдзячная спадару Пятрухіну, што ён дадае камісіі працы. Такой грунтоўнай. Вось але я думаю, што гэтыя звароты мы будзем разглядаць у працоўным парадку і адказваць яму пісьмова”, — сказала Прыходзька.

Паводле слоў адказнага за тэхнічнае забеспячэнне галасавання Паўла Лібера, DDOS-атакі на платформу галасавання працягваліся на працягу ўсіх папярэдніх дзён. У красавіку на платформу “Тры сланы”, дзе былі размешчаны выбарчыя спісы, было адпраўлена ў рамках атак каля 18 млрд запытаў.

“Уласна, калі пачалося галасаванне, мы фіксавалі дзве вялікія атакі ў самым пачатку — 1,9 млрд і 1,3 млрд запытаў. Уласна, на наступны дзень у наш гугл-дашборд прыйшло каля 2 млрд запытаў. Пры гэтым мы фіксуем, у тым ліку ўжо не масавыя, хутчэй кропкавыя запыты на дзясяткі мільёнаў на розныя кампаненты нашай сістэмы.

Гэта звычайная праверка на ўстойлівасць. Гэта значыць і пры гэтым яна пастаянна перабіраецца. Гэта значыць такім чынам мы бачым, што прадстаўнікі рэжыму ў дадзеным выпадку вельмі сфакусавана працуюць над тым, каб паспрабаваць намацаць хоць якое-небудзь слабое месца. Гэта значыць яны б’юць у розныя кропкі, бачаць, што дзесьці не праходзіць, б’юць у іншыя кропкі.

Гэта значыць такім чынам мы бачым, што там сядзіць выдзеленая каманда, задача якой альбо паваліць гэта запытамі, альбо, калі не атрымліваецца запытамі, то намацаць нейкія кропкавыя ўразлівасці. Пакуль што мы не бачым, каб хоць нешта было намацана”, — расказаў ён.

Павел Лібер адзначыў, што запыты ідуць не ад звычайных бот-ферм, а маскіруюцца пад мабільныя прылады, што дазваляе ім праходзіць тэст-сеткі. Аднак платформа “за кошт добрага жалеза, сервераў” вытрымлівае гэтыя ўдары.

“Гэта значыць я думаю, што тут будзе бесперапынная гісторыя да канца выбараў. Але вось сёння добры сігнал: першая раніца, калі няма масавых, але ёсць нейкія кропкавыя запыты”, — сказаў ён.

Як паведаміў спікер Каардынацыйнай рады Арцём Брухан, КР таксама праводзіць галасаванне па рэкамендацыі Выбаркама падоўжыць час галасавання. Першапачаткова галасаванне павінна было праводзіцца з 11 па 17 мая. Аднак з-за тэхнічных нюансаў і DDOS-атак фактычны пачатак затрымаўся на 36 гадзін. Пасля прыняцця рашэння КР абвесціць пра яго афіцыйна. Папярэднія вынікі выбараў будуць названыя на наступны дзень пасля фактычнага заканчэння галасавання.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!