Фото: Пул первого
Аляксандр Лукашэнка хоча мець план супрацоўніцтва са Шры-Ланкай. Пра гэта ён заявіў на сустрэчы з міністрам замежных спраў, працаўладкавання за мяжой і турызму Шры-Ланкі Віджытам Хератам. Пры гэтым сам Лукашэнка не выказаў канкрэтных прапаноў. Паводле яго слоў, замежны госць можа сам паглядзець, што яго зацікавіць.
“Рады з вамі сустрэцца. Ёсць пра што пагаварыць. У нас з вамі даўнія адносіны, і мы адзін аднаго добра ведаем. Але толькі, напэўна, дзякуючы — калі казаць пра эканоміку — адной-дзвюм пазіцыям таварнай групы. Мы хацелі б з вамі пашырыць наша супрацоўніцтва. Я хачу, каб вы, будучы ў Беларусі, з дапамогай пасла і нашага міністра, паглядзеўшы нашы магчымасці, вызначыліся, чым мы яшчэ зможам быць карысныя для Шры-Ланкі.
Мы з вялікім задавальненнем будзем мець з вамі адносіны, паляпшаць іх. І ў сферы эканомікі, фарміруючы “дарожную карту”, план нашых узаемаадносін. Эканоміка — гэта база любых адносін. Таму мы хацелі б выбудаваць з вамі трывалыя добрыя адносіны”, — сказаў Лукашэнка, перадае яго прэс-служба.
Паводле яго слоў, план супрацоўніцтва не абавязкова павінен быць вялікім. Дастаткова некалькіх пазіцый.
“План нашых адносін, няхай ён будзе з трох-чатырох пунктаў, — не важна. Але яго трэба мець. Для таго, каб мы мелі пэўныя мэты, да якіх мы разам з вамі будзем імкнуцца”, — дадаў ён.
“Усім, чым мы багатыя, вы можаце карыстацца. Можаце, вывучыўшы нашы магчымасці, зрабіць для сябе пэўныя высновы, у якім кірунку рухацца”, — паўтарыў ён сваю вельмі абцякальную прапанову.
Ланкійскі міністр у сваю чаргу выказаў надзею, што яго візіт дазволіць прасунуцца ў развіцці эканамічных адносін.
“Як вы правільна адзначылі, нашы краіны ўзаемадзейнічаюць адна з адной дастаткова працяглы час — з 2000 года. Мы спадзяёмся, што падчас бягучага візіту мы зможам далей прасунуцца ў развіцці нашых двухбаковых адносін, у тым ліку ў эканамічнай сферы”, — сказаў Віджыта Херат.
Ужо пасля сустрэчы з Лукашэнкам Херат заявіў, што ў Шры-Ланкі ёсць планы пастаўляць у Беларусь каштоўныя камяні для далейшай апрацоўкі. У сваю чаргу астраўная дзяржава гатовая закупляць сельгастэхніку, угнаенні, прадукцыю машынабудавання.