Узбекскі бізнес бярэ ў арэнду 4000 га пасяўных зямель у Шумілінскім раёне. І хоча купіць яшчэ

Узбекскі бізнес збіраецца выкупіць гаспадаркі ў Віцебскай вобласці. Дадзеныя планы былі анансаваныя ў пачатку сакавіка падчас візіту ў нашу краіну дэлегацыі з Узбекістана. З бізнесменамі з цэнтральнаазіяцкай краіны сустракаўся прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын. Цяпер з’явіліся падрабязнасці дасягнутых дамоўленасцяў.

У пачатку сакавіка прэс-служба ўрада Беларусі заяўляла, што мэтай візіту было адкрыццё ў Мінску гандлёвага дома Узбекістана і рэстарана ўзбекскай кухні, а таксама стварэнне ў Беларусі ўзбекскіх сельгаспрадпрыемстваў. Тады ж старшыня Гандлёва-прамысловай палаты Узбекістана Даўрон Вахабаў па выніках сустрэчы казаў, што ўзбекскія прадпрымальнікі паглядзелі тры раёны ў Віцебскай вобласці.

Ужо ў другой палове сакавіка адбылася сустрэча Вахабава з кіраўніцтвам Кашкадар’інскай вобласці і зацікаўленымі бізнесменамі. Па яе выніках паведамлялася, што з беларускім бокам была дасягнута дамоўленасць аб магчымасці набыцця з аўкцыёну гаспадарак плошчай да 9 тыс. га ва Ушацкім, Глыбоцкім і Шаркаўшчынскім раёнах Віцебскай вобласці. Пры гэтым згадвалася зніжка да 90%. Верагодна, гаворка ідзе пра пачатковую цану аўкцыёну. Беларускія нормы прадугледжваюць магчымасць зніжэння пачатковай цаны пры выстаўленні на продаж пакетаў акцый або маёмасных комплексаў, калі ў рамках папярэдніх раўндаў на актыў не знайшоўся пакупнік.

Тады ж Даўрон Вахабаў анансаваў новую паездку ўзбекскіх прадпрымальнікаў у Беларусь для азнаямлення з прапанаванымі гаспадаркамі і правядзення іх ацэнкі на месцы.

На мінулым тыдні “Дунё” ўжо праінфармавала пра “прадуктыўны рабочы візіт” дэлегацыі Кашкадар’інскай вобласці.

Узбекскія бізнесмены вывучылі працу жывёлагадоўчых комплексаў і гандлёвых аб’ектаў у Браслаўскім, Шумілінскім, Пастаўскім і іншых раёнах. Была праведзена сустрэча з кіраўніцтвам Віцебскага аблвыканкама.

Найважнейшым вынікам візіту названа “дасягненне пагаднення паміж прадпрыемствамі «Asl Yuksalish Savdo», «Muborak qorako‘lchilik» і жывёлагадоўчай фермай «Сіроцінскі», размешчанай у Шумілінскім раёне”. У адпаведнасці з імі, узбекскі бок бярэ ў доўгатэрміновую арэнду 4 тыс. га пасяўных зямель. На базе гэтага ўчастка плануецца запуск маштабнага праекта, першым этапам якога стане вырошчванне адной тысячы галоў буйной рагатай жывёлы.

Трэба адзначыць, што ў Шумілінскім раёне сапраўды ёсць камунальнае ўнітарнае сельскагаспадарчае прадпрыемства “Сіроцінскі”. З мінулага года яно знаходзіцца ў працэсе ліквідацыі.

Паралельна быў падпісаны кантракт паміж прадпрыемствам «Asl Yuksalish Savdo» і беларускай гандлёвай сеткай «Дабраном». Дакумент прадугледжвае штогадовыя пастаўкі з Узбекістана ў Беларусь да шасцідзесяці тысяч тон сельскагаспадарчай прадукцыі, уключаючы сухафрукты, зернебабовыя культуры, а таксама бахчавыя і вінаград.

У сярэдзіне сакавіка беларускія СМІ пісалі пра сустрэчу ўзбекскіх прадпрымальнікаў з кіраўніцтвам Віцебскай вобласці. Тады гаворка ішла пра перспектывы стварэння на тэрыторыі Віцебскай вобласці прадпрыемстваў па вытворчасці ялавічыны. Пры гэтым узбекскі бок выказваў зацікаўленасць у Глыбоцкім раёне. Паведамлялася, што на першапачатковым этапе плануецца вырошчваць 1 тыс. галоў, у перспектыве — да 10 тыс. галоў.

У чэрвені гэтага года ў Мінску плануецца правесці форум рэгіёнаў Беларусі і Узбекістана. Учора ў Ташкенце адбылося адкрыццё выставы “ІНАПРАМ. Цэнтральная Азія”, на якой прадстаўлены і беларускія прадпрыемствы. Да выставы быў прымеркаваны візіт віцэ-прэм’ера Віктара Каранкевіча. Ён правёў шэраг сустрэч і перамоваў. Цяпер завяршаецца праца над планам супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі на 2026-2030 гады.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!