Урсула фон дер Ляйен. Скриншот видео
Расія і Беларусь нясуць прамую адказнасць за з’яўленне беспілотнікаў у небе краін Балтыі. Пагрозы з боку Масквы ў адрас дзяржаў ЕС — гэта пагрозы ўсяму саюзу. Так пракаментавала падзеі апошніх дзён старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен.
“Публічныя пагрозы Расіі ў адрас краін Балтыі цалкам непрымальныя.
Няхай не будзе ніякіх сумневаў. Пагроза ў адрас адной дзяржавы-члена — гэта пагроза ўсяму нашаму Саюзу.
Расія і Беларусь нясуць прамую адказнасць за беспілотнікі, якія ўяўляюць пагрозу жыццю і бяспецы людзей на нашым усходнім флангу.
Еўропа адкажа адзінствам і сілай. Мы працягнем умацоўваць бяспеку нашага ўсходняга флангу з дапамогай моцнай калектыўнай абароны і гатоўнасці на ўсіх узроўнях”, — гаворыцца ў яе заяве ў сетцы Х.
Нагадаем, Расія ўжо пагражала краінам Балтыі, абвінавачваючы іх у тым, што яны нібыта прадастаўляюць сваю паветраную прастору для пралёту ўкраінскіх БПЛА. Учора Служба знешняй разведкі РФ заявіла, што з тэрыторыі Латвіі рыхтуюцца запускаць беспілотнікі, і выступіла з пагрозамі ў адрас балтыйскай дзяржавы.
Таксама ў аўторак знішчальнік NATO збіў беспілотнік у небе Эстоніі. Сёння з-за дрона абвяшчалася паветраная трывога ў Латвіі і Літве.