Савет міністраў зацвердзіў дзяржаўную праграму «Беларусь інтэлектуальная» на 2026–2030 гады. Яна датычыцца сістэмы адукацыі.
«Мэта — павышэнне якасці і канкурэнтаздольнасці айчыннай адукацыі, якая адпавядае актуальным запытам рынку працы і патрэбам нацыянальнай эканомікі, як асновы паспяховага развіцця асобы, грамадства, дзяржавы», — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы Савета міністраў.
Дзяржпраграма складаецца з трох падпраграм:
- «Дзіцячы сад і школа — тэрыторыя поспеху»,
- «Дзеці і моладзь — будучыня Беларусі»,
- «Прафесійныя кадры».
Фінансаванне дзяржпраграмы складзе 6,4 млрд рублёў на пяць гадоў, у тым ліку сродкі рэспубліканскага бюджэту — 2,3 млрд рублёў, сродкі мясцовых бюджэтаў — 3,9 млрд рублёў, уласныя сродкі — 43,5 млн рублёў.
У праграме вызначаны наступныя мэтавыя паказчыкі:
- павелічэнне долі выпускнікоў 9 класаў бягучага навучальнага года, якія працягнулі навучанне на ўзроўнях прафесійна-тэхнічнай адукацыі і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, — да 50%;
- павелічэнне долі дзяцей ва ўзросце ад 6 да 18 гадоў, якія асвойваюць змест адукацыйнай праграмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі тэхнічнай накіраванасці, у два разы, што да 2030 года складзе 25%;
- стварэнне навучальных майстэрань (участкаў, цэхаў) на базе прадпрыемстваў, арганізацый рэальнага сектара эканомікі і сацыяльнай сферы для практычнага навучання навучэнцаў каледжаў;
- павелічэнне долі асоб з ліку прафесарска-выкладчыцкага складу, якія маюць вучоную ступень або вучонае званне, у агульнай колькасці штатнага прафесарска-выкладчыцкага складу — да 45%.
🔥
Падтрымайце Reform.news данатам!