Фото: Пул первого
Аляксандр Лукашэнка на сённяшняй нарадзе па развіцці сельскага гандлю канстатаваў запаволенне інфляцыі. Разам з тым, паводле яго слоў, «формула справядлівай цаны» так і не выпрацавана.
«Механізм урадам так і не выпрацаваны. Першапачаткова прапаноўвалася весці маніторынг з дапамогай аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы «Аналіз цэн». Я папярэджваў на пасяджэнні ўрада першага віцэ-прэм’ера, што вы можаце ствараць якую заўгодна сістэму, але яна павінна даваць вынік. Цяпер быццам бы яе прапануюць кансерваваць. Цяпер кажу не пра штучны інтэлект, а пра кіраўніцкі, дзе ёсць задачы і адказнасць», — сказаў ён.
Лукашэнка адзначыў, што цэны з пачатку года выраслі ўсяго на 2,9%.
«Быццам бы нядрэнна, але супакойвацца нельга — гэта ж рост», — сказаў ён.
Пры гэтым ён звярнуў увагу на тое, што цэны на капусту з пачатку года выраслі на 38%, цыбулю рэпчатую — на 24%, буракі — на 17%.
«Парушэнні дысцыпліны цэн дапускаюцца паўсюдна, нават крымінальныя справы распачыналі», — сказаў ён.
Трэба адзначыць, што ў чэрвені-ліпені сапраўды растуць цэны на некаторую гародніну. У першую чаргу гэта звязана з паступленнем на рынак маладой прадукцыі, якая заўсёды даражэйшая, чым гародніна ў перыяд масавай уборкі і продажу ўраджаю.
Лукашэнка таксама нагадаў, што Савет міністраў нядаўна скараціў пералік рэгуляваных тавараў з 200 да 76 пазіцый.
«Паглядзім, як ваша рашэнне спрацуе ў перспектыве. Але стрымліванне цэн і інфляцыі ў запланаваным калідоры — за ўрадам», — сказаў ён.