Лукашэнка: З нядбайных чыноўнікаў і спецыялістаў стварылі дзве батальённа-тактычныя групы

У армію адпраўлены каля 500 нядбайных чыноўнікаў і спецыялістаў. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання Вілейкі. Ён запатрабаваў вярнуць у севазварот усе палі ў Мінскай вобласці, а для гэтага, паводле яго слоў, можна прыцягнуць батальённа-тактычныя групы, сабраныя з нядбайных чыноўнікаў і спецыялістаў.

«Палі ўсе павінны быць вернуты ў севазварот у наступным годзе. Усе! Што хочаце там рабіце. Каго хочаце прыцягвайце. Вазьміце гэтыя дзве батальённа-тактычныя групы, якія стварылі з нядбайных чыноўнікаў і спецыялістаў. Разумееце, пра што гаворка? Цяпер іх каля 500 чалавек.

Я іх называю дзве батальённа-тактычныя групы. Калі ласка, прымусьце іх тут працаваць імем рэвалюцыі. Рабіце што заўгодна, але прыводзьце ўсё ў парадак. Вазьміце верталёт і праляціце вакол, вы ўбачыце тое, што я вам сказаў», — сказаў ён.

Нагадаем, у ліпені Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў прызываць нядбайных чыноўнікаў і работнікаў АПК на зборы ў армію, калі яны не ў стане, як належыць, працаваць падчас уборачнай кампаніі. Пасля гэтага міністр абароны Віктар Хрэнін адправіў ваенных камісараў аб’язджаць гаспадаркі.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!