Урад пашырыў крытэрыі ацэнкі выканання ўмоў дзейнасці рэзідэнтаў СЭЗ

Савет міністраў пастановай №383 ад 29 ліпеня зацвердзіў крытэрыі ацэнкі выканання рэзідэнтамі ўмоў дзейнасці ў свабодных эканамічных зонах. Дакумент сёння апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале і ўступае ў сілу пасля апублікавання.

Цяпер выкананне дагавораў аб умовах дзейнасці ў СЭЗ будзе ацэньвацца паводле сямі крытэрыяў:

  1. укладанне інвестыцый у асноўны капітал у аб’ёме і тэрміны, прадугледжаныя бізнес-планам;
  2. забеспячэнне пачатку вытворчай дзейнасці ў тэрміны, прадугледжаныя бізнес-планам;
  3. колькасць работнікаў, прынятых на дадаткова ўведзеныя працоўныя месцы, у колькасці, прадугледжанай бізнес-планам;
  4. рэалізацыя планаў па выхадзе на адпаведнасць вырабляемай прамысловай прадукцыі патрабаванням, якія прад’яўляюцца ў мэтах яе аднясення да прадукцыі, вырабленай на тэрыторыі Беларусі, і атрыманне пацвярджальных дакументаў у адпаведнасці з заканадаўствам;
  5. забеспячэнне намінальнай налічанай сярэднямесячнай заработнай платы работнікаў не ніжэй за значэнне мэтавага паказчыка па зарплаце для адпаведнай вобласці;
  6. адсутнасць на 1 студзеня года, наступнага за справаздачным, запазычанасці па падатках, зборах (пошлінах), іншых абавязковых плацяжах у рэспубліканскі і мясцовыя бюджэты, а таксама запазычанасці па выплаце абавязковых страхавых узносаў у ФСАН;
  7. выкананне абавязацельстваў па адлічэннях у фонд развіцця СЭЗ у адпаведнасці з дагаворамі.

Раней выкарыстоўваліся толькі тры крытэрыі: укладанне інвестыцый, запуск вытворчасці і колькасць работнікаў, прынятых на нанова створаныя месцы.

Адміністрацыям СЭЗ даручана замацаваць новыя крытэрыі ў дагаворах з рэзідэнтамі. Ацэнка выканання ўмоў павінна праводзіцца раз на год у тэрмін да 1 сакавіка.

Урад вызначыў і прыкметы неналежнага выканання ўмоў: выкананне крытэрыяў 1-3 менш чым на 80%, невыкананне двух і больш крытэрыяў з пунктаў 4-7.

Пасля правядзення ацэнкі адміністрацыі СЭЗ будуць накіроўваць рэзідэнтам паведамленні аб неналежным выкананні ўмоў дагавораў. У сваю чаргу рэзідэнты будуць мець 30 дзён на тлумачэнні прычын.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!