Трамп ад імя Рады міру абвясціў аб пагадненні па раззбраенні “Хамас”

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што дасягнута пагадненне аб поўным раззбраенні “Хамас”.

“Сёння Рада міру дасягнула гістарычнага пагаднення аб поўным раззбраенні “Хамас” і ўсіх іншых узброеных груповак у Газе. Гэта манументальны крок да трывалага міру і бяспекі.

Гэтае пагадненне з’яўляецца крытычна важным крокам на шляху да таго, каб Газай нарэшце кіраваў новы палесцінскі ўрад, які будзе цесна супрацоўнічаць з Радай міру для аказання дапамогі палесцінскаму народу.

У той жа час Ізраіль атрымае заслужаную бяспеку, паколькі Газа больш не будзе выкарыстоўвацца ў якасці базы для тэрарыстычных атак”, — напісаў Трамп у сетцы Truth Social.

Ён дадаў, што пагадненне будзе рэалізавана паэтапна. Па меры завяршэння раззбраення “Хамас” з сектара Газа будуць выводзіцца ізраільскія войскі. Міжнародныя сілы стабілізацыі будуць працаваць з новай палесцінскай паліцыяй.

Трамп выказаў падзяку пасярэднікам у асобе Егіпта, Катара і Турцыі за іх намаганні.

Паводле інфармацыі “Аль-Джазіры”, пагадненне прадугледжвае падрыхтоўку дакладнага плана раззбраення на працягу 14 дзён. Пры гэтым прадстаўнік перамоўнай дэлегацыі “Хамас” заявіў каналу, што арганізацыя не будзе выконваць ніводную частку пагаднення, калі ізраільскія сілы не выканаюць свае абавязацельствы. Ён звязаў раззбраенне з вывадам ізраільскіх войскаў з тэрыторыі сектара.

У копіі пагаднення, атрыманай тэлеканалам, гаворыцца, што працэс раззбраення пачнецца з прыбыццём у Газу Нацыянальнага камітэта і Міжнародных сіл стабілізацыі. Затым Нацыянальны камітэт будзе кантраляваць працэс «інвентарызацыі і захоўвання», за якім будзе назіраць міжнародны камітэт па праверцы, а палесцінскія фракцыі будуць браць у ім удзел.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!