Украінскі суд абавязаў 7 беларускіх кампаній выплаціць кампенсацыю за страты ад расійскай агрэсіі

Суд у Харкаве пастанавіў спагнаць больш за 9 мільёнаў долараў на карысць двух данецкіх прадпрымальнікаў з 58 расійскіх і 7 беларускіх прадпрыемстваў. Падставай стала фінансаванне агрэсіі Расіі супраць Украіны, у выніку якой пазоўнікі страцілі свой бізнес, піша “Радыё Свабода”.

Паводле даных рэсурсу, бізнесмены страцілі дзве кампаніі, размешчаныя ў Данецку і Макееўцы Данецкай вобласці, акупаваных Расіяй з 2014 года, — юрыдычную фірму і завод па вытворчасці цэменту і будаўнічых сумесяў з агульным статутным капіталам каля 30 тысяч долараў. Гэтыя дзве кампаніі валодалі трэцяй у форме карпарацыі са статутным капіталам каля 10 тысяч долараў. З-за расійскай акупацыі прадпрымальнікі страцілі некалькі сотняў станкоў і адзінак абсталявання, а таксама амаль паўтары тысячы квадратных метраў прамысловых памяшканняў. Агульная шкода склала 9 167 605,69 долара.

Першапачаткова прадпрымальнікі падалі пазоў супраць расійскага «Газпрама», а затым далучылі ў якасці суадказчыкаў яшчэ 57 расійскіх і 7 беларускіх прадпрыемстваў. Суд запрашаў прадстаўнікоў кампаній да ўдзелу ў працэсе праз публікацыю аб’явы — судовыя даручэнні ў іх адрас не накіроўваліся, на пасяджэннях яны не прысутнічалі. Беларускія кампаніі будуць несці салідарную адказнасць нароўні з расійскімі. Акрамя таго, кожнае прадпрыемства абавязана выплаціць ва ўкраінскі бюджэт судовы збор у памеры больш за 16 тысяч грыўняў — каля 400 долараў.

Сярод прызнаных саўдзельнікамі расійскай агрэсіі беларускіх кампаній — як дзяржаўныя, так і прыватныя прадпрыемствы: «Беларуськалій», «Беллеспрамэкспарт», «Нафтан», «Омск Карбон Магілёў», «Рэал-Агент», «Садружнасць Транс-Агра» і «Транзіт-Аўта 2003».

Фармальна кампаніі могуць абскардзіць рашэнне да 6 красавіка 2026 года. У той жа час механізм выканання рашэння пакуль не вызначаны. Верагодна, наступным крокам стане зварот у Міжнародны рэестр шкоды ў Гаазе і Еўрапейскі суд па правах чалавека, мяркуюць аўтары.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!