Фото: t.me/exilenova_plus
СБУ сумесна з іншымі складнікамі Сіл абароны Украіны нанесла ўдары па марскіх, паліўных і ваенных аб’ектах Расіі ў Краснадарскім краі і на часова акупаванай тэрыторыі Крыма.
Украінскія беспілотнікі паразілі інфраструктуру марскога порта «Каўказ» у Краснадарскім краі. Там гарыць рэзервуарны парк комплексу перавалкі нафтапрадуктаў і тэрыторыя нафтабазы.
У Керчы паражаны ёмістасці з нафтапрадуктамі на нафтабазе «ТЭС-Тэрмінал-1», дзе ажыццяўляецца перавалка мазуту, звадкаванага газу і светлых нафтапрадуктаў.
Акрамя таго, украінскія сілы вывелі са строю 4 радыёлакацыйныя станцыі зенітнага ракетнага комплексу С-400 і два зенітныя ракетна-гарматныя комплексы «Панцыр», размешчаныя непасрэдна на Крымскім мосце, заяўляюць у СБУ.
Камандуючы Сіламі беспілотных сістэм УСУ Роберт Броўдзі апублікаваў відэа паражэння нафтабазы Керчанскага гандлёвага порта, РЛС і іншых аб’ектаў на акупаваных тэрыторыях.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі праінфармаваў, што мінулай ноччу ўдары на значныя адлегласці былі нанесены па ваеннай лагістыцы, нафтавай галіне і сістэмах супрацьпаветранай абароны РФ.
«Усё гэта — справядлівы адказ на жорсткія расійскія ўдары па нашым народзе. Я дзякую байцам СБУ, СБС, ГУР і ССА за паспяховую працу на адлегласці каля 300 кіламетраў ад лініі фронту. Паражэнню падвергліся аб’екты па абодва бакі Крымскага моста: марская лагістыка для перавозкі нафты ў Краснадарскім рэгіёне і нафтабаза ў часова акупаванай Керчы. Акрамя таго, паспяхова паражана ваенная лагістыка, а таксама чатыры радыёлакацыйныя станцыі са складу комплексаў С-400 і два комплексы «Панцыр», — заявіў украінскі лідар.
Аператыўны штаб Краснадарскага краю паведаміў, што ў Цемрукскім раёне на Керчанскай паромнай пераправе быў атакаваны паром «Панагія». Паводле папярэдніх даных, адзін чалавек загінуў, яшчэ адзін пацярпеў. Таксама адбылося ўзгаранне на нафтавым тэрмінале ў пасёлку Чушка, куды накіраваны пажарна-выратавальныя падраздзяленні.
У двух іншых лакацыях зафіксавана падзенне абломкаў беспілотнікаў на тэрыторыі прыватных домаўладанняў: у станіцы Фаставецкай Ціхарэцкага раёна пашкоджаны шкленне і сцяна летняй кухні, у станіцы Успенскай Белаглінскага раёна парушана канструкцыя даху жылога дома. Пацярпелых няма.
З 21 чэрвеня паромныя зносіны праз Керчанскую пераправу прыпынены. Паколькі праезд вялікагрузнага транспарту па Крымскім мосце забаронены, кіроўцам рэкамендуюць выкарыстоўваць альтэрнатыўны сухапутны маршрут — трасу Р-280 праз Растоў-на-Доне, Таганрог, Марыупаль, Мелітопаль і Сімферопаль.
У «Крымэнерга» заявілі, што ў сувязі з пашкоджаннямі ў электрычных сетках адбылося частковае адключэнне спажыўцоў Паўночна-Заходняга, Цэнтральнага і Паўднёваберагавога энергараёнаў. Для ліквідацыі перагрузкі электрычных сетак за межамі горада ў Севастопалі ўведзены графік часовага адключэння спажывання электраэнергіі, паведаміў губернатар акупаванага горада Міхаіл Разважаеў.
Кіраўнік расійскай акупацыйнай адміністрацыі паўвострава Сяргей Аксёнаў праінфармаваў, што з 21 чэрвеня на крымскіх АЗС спынены адпуск паліва як за наяўны і безнаяўны разлік, так і па талонах для фізічных і юрыдычных асоб.
«Паліва будзе адпускацца толькі дзяржаўным службам, якія забяспечваюць жыццядзейнасць і бяспеку Рэспублікі Крым», — паведаміў ён.
Паводле яго слоў, у выніку атакі БПЛА на Керчанскі паўвостраў 4 чалавекі загінулі, 28 атрымалі раненні.
У расійскім Мінабароны заявілі, што за мінулую ноч сілы СПА перахапілі і знішчылі 239 украінскіх беспілотнікаў над тэрыторыямі Астраханскай, Белгародскай, Бранскай, Курскай, Арлоўскай, Растоўскай абласцей, Краснадарскага краю, Крыма, Адыгеі, а таксама над акваторыямі Азоўскага і Чорнага мораў.
Відэа: t.me/exilenova_plus
Пажар на тэрмінале ў Керчы. Відэа: t.me/Crimeanwind