Ціханоўская: улады ўспрымаюць беларускіх медыкаў як рэсурс без абмежаванняў

Святлана Ціханоўская звярнулася да беларускіх медыцынскіх работнікаў з нагоды іх прафесійнага свята, якое штогод адзначаецца ў трэцюю нядзелю чэрвеня.

Яна адзначыла, што прафесія медыка патрабуе шматгадовай падрыхтоўкі і цярпення, а ў сучаснай Беларусі да гэтага дадаецца праца ва ўмовах пастаяннага дэфіцыту кадраў, перагрузак і адміністрацыйнага ціску.

«Адно з даследаванняў паказала, што 68% урачоў у Беларусі не задаволены ўмовамі працы. Кожны год у краіне скарачаецца колькасць бальніц, не хапае ўрачоў і неабходных лекаў, а многія спецыялісты вымушаны пакідаць прафесію або з’язджаць за мяжу», — заявіла лідарка дэмсіл.

«Замест таго каб падтрымліваць медыцынскіх работнікаў, улады ўсё часцей успрымаюць іх як рэсурс, які можна выкарыстоўваць без абмежаванняў. Беларускія ўрачы рэгулярна працуюць значна больш за ўстаноўленую норму, сутыкаюцца з неаплачанымі перапрацоўкамі і бюракратычнай нагрузкай. Тым, хто хоча змяніць месца працы або з’ехаць з краіны, ствараюць дадатковыя перашкоды. А на справядлівыя скаргі пра цяжкія ўмовы працы яны чуюць у адказ: „Не трэба скардзіцца, што вы больш за 8 гадзін у суткі працуеце. Колькі трэба, столькі і працуем“.

Не з такой абыякавасцю трэба ставіцца да людзей, якія кожны дзень аддаюць усіх сябе выратаванню чужых жыццяў. Быць урачом — значыць працаваць на карысць іншых, кожны дзень знаходзіць у сабе сілы на дапамогу людзям. Рэжыму гэтага не зразумець. Але беларусы гэта разумеюць.

Ваша праца — велізарная каштоўнасць, а ваша служэнне людзям заслугоўвае павагі і падтрымкі. Дзякуй вам, дарагія медыкі», — напісала яна.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!