У Віцебскім раёне малодшыя школьнікі вучыліся ў халодных класах. Умяшалася пракуратура

У адной са школ Віцебскага раёна тэмпература ў класах для малодшых школьнікаў апускалася да +15 °C — гэта выявіла пракуратура падчас рэйдавай праверкі захавання санітарных нормаў.

Як паведамілі ў ведамстве, у двух кабінетах пачатковых класаў было зафіксавана істотнае адхіленне ад устаноўленых патрабаванняў. У халодны перыяд года тэмпература паветра ў навучальных памяшканнях для дзяцей ад 7 гадоў павінна складаць +18–20 °C.

Прычынай холаду сталі негерметычныя стыкі аконных праёмаў. Праз іх у класы пастаянна пранікала халоднае паветра, з-за чаго нарматыўны тэмпературны рэжым не ўдавалася падтрымліваць нават пры поўнай працы сістэмы ацяплення.

Па выніках праверкі пракурор Віцебскага раёна вынес кіраўніку ўстановы адукацыі прадпісанне з патрабаваннем ліквідаваць парушэнні.

“Патрабаванні акта нагляду выкананы ў поўным аб’ёме — у цяперашні час тэмпература паветра ў навучальных памяшканнях адпавядае санітарна-эпідэміялагічным патрабаванням”, — паведамілі у прэс-службе Генпракуратуры.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!