У Віцебскай БСМП з-за прарыву трубы затапіла аперацыйны блок – «Белыя халаты»

У Віцебскай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі з-за прарыву трубы быў затоплены аперацыйны блок, піша тэлеграм-канал “Белыя халаты”. Паводле інфармацыі рэсурсу, вада таксама трапіла ў прыёмнае аддзяленне і некалькі палат, дзе ў той момант знаходзіліся пацыенты.

Паведамляецца, што пасля пачатку працякання на працягу некалькіх гадзін не ўдавалася вызначыць месца аварыі і перакрыць ваду. У выніку шкода ацэньваецца як «вельмі вялікая». Частка дарагога абсталявання аказалася беззваротна сапсаванай.

“Не падлягае аднаўленню некаторае дарагое абсталяванне, у тым ліку лапараскапічныя стойкі і ІВЛ, рэнтгенаўскае абсталяванне, а таксама частка запасаў пратэзаў”, – гаворыцца ў матэрыяле.

Чакаецца, што ў панядзелак бальніцу наведае з інспекцыяй галоўны ўрач Рэспубліканскага клінічнага медыцынскага цэнтра Ірына Абельская.

Адзначаецца, што гэта ўжо не першы падобны інцыдэнт ва ўстанове. У студзені 2021 года ў хірургічным корпусе таксама адбыўся прарыў трубы — тады вада на працягу некалькіх гадзін лілася са столі паблізу аперацыйных. Той раз сур’ёзных наступстваў удалося пазбегнуць. Паводле слоў крыніц, цяпер прарвала тую ж трубу, што і некалькі гадоў таму.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!