Фота: slutsk-gorod.by
Раніцай 10 лютага ў Слуцку адбыўся пажар у шматкватэрным жылым доме. Пажар быў лакалізаваны і ліквідаваны сіламі ратавальнікаў. На падлозе каля канапы быў знойдзены мужчына. Яго вынеслі на свежае паветра і перадалі медыкам. У 06.38 брыгада хуткай медыцынскай дапамогі канстатавала смерць пацярпелага, піша інфармацыйны партал Слуцка SlutskGorod.
Паводле папярэдняй версіі, прычынай трагедыі магла стаць неасцярожнасць пры паленні.
«Хаця ратавальнікі не называлі імя гаспадара, але па працах зразумела, што загінулы — вядомы мастак-авангардыст Уладзімір Акулаў», – паведамляе «Наша Ніва».
Уладзімір Іванавіч Акулаў нарадзіўся ў 1954 годзе ў Баранавічах, але большая частка яго жыцця звязана са Слуцкам. Ён – прадстаўнік другой хвалі беларускага авангарду 1980-х.
Творы мастака захоўваюцца ў фондах Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў, іншых беларускіх музеяў, а таксама ў шматлікіх прыватных калекцыях па ўсім свеце.
На фатаграфіях відаць, што большасць твораў Уладзіміра Акулава, якія знаходзіліся ў яго кватэры, не згарэла падчас пажару.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram