Беларусь апусцілася на 124-е месца ў рэйтынгу ўспрымання карупцыі

Міжнародная арганізацыя Transparency International апублікавала рэйтынг успрымання карупцыі за 2025 год.

Беларусь заняла ў ім 124-е месца са 182 краін, уключаных у рэйтынг. У параўнанні з 2024 годам наша краіна апусцілася на 10 пазіцый. Індэкс успрымання карупцыі склаў 31 бал, што на 2 балы менш, чым годам раней.

Аўтары даследавання адзначаюць пагаршэнне паказчыкаў у свеце ў цэлым. Так, 122 краіны атрымалі ацэнку ніжэй за 50 балаў, што сведчыць пра шырокае распаўсюджанне карупцыі. Ацэнку вышэй за 80 балаў маюць толькі пяць краін, хаця дзесяць гадоў таму іх было 12.

«Колькасць краін, якія набралі больш за 80 балаў, скарацілася з 12 дзесяць гадоў таму да ўсяго пяці ў гэтым годзе. У прыватнасці, назіраецца трывожная тэндэнцыя да пагаршэння сітуацыі з карупцыяй у дэмакратычных краінах — ад ЗША (64), Канады (75) і Новай Зеландыі (81) да розных частак Еўропы, такіх як Вялікабрытанія (70), Францыя (66) і Швецыя (80)», — гаворыцца ў дакуменце.

Сярод суседзяў Беларусі найбольш высокае месца ў рэйтынгу займае Літва (28-е месца), далей ідуць Латвія (37-е месца), Польшча (52-е месца), Украіна (104-е месца), Расія (157-е месца).

Сярод лідараў рэйтынгу, дзе найменшы ўзровень карупцыі, — Данія, Фінляндыя, Сінгапур, Новая Зеландыя, Нарвегія. Найгоршыя паказчыкі ў Паўднёвага Судана, Самалі, Венесуэлы, Емена, Лівіі.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!