У Румыніі затрымалі палітыка і былога дырэктара завода буравога абсталявання па справе аб пастаўцы станка ў Беларусь
Рэдакцыя Reform.news · 1 кастрычніка 2026, 10:53
https://reform.news/be/u-rumynii-zatrymali-palityka-i-byloga-dyrjektara-zavoda-buravoga-abstaljavannja-pa-sprave-ab-pasta-cy-stanka-belarus/У Румыніі затрымалі намесніка старшыні партыйнай арганізацыі «Саюз выратавання Румыніі» (USR) у жудзецы Дымбавіца Александру Мунцяну і былога дырэктара вытворцы буравога абсталявання UPET Яўгена Палякова. Пра гэта паведамляе G4Media са спасылкай на крыніцы.
Паводле даных выдання, затрыманні адбыліся раніцай у чацвер, 1 кастрычніка. Справу вядзе Упраўленне па расследаванні арганізаванай злачыннасці і тэрарызму Румыніі (DIICOT).
Крыніцы G4Media сцвярджаюць, што Мунцяну і іншыя фігуранты спрабавалі праз пасярэднікаў адправіць у Беларусь вертыкальны такарны станок VL40 коштам каля 1,7 млн еўра. Такое абсталяванне можа выкарыстоўвацца для вытворчасці тэхнікі ваеннага прызначэння.
Пракуроры расследуюць меркаваныя парушэнні і абыход міжнародных санкцый, уведзеных у Еўрасаюзе, а таксама продаж, перадачу і экспарт прадукцыі падвойнага прызначэння.
Згодна са звесткамі Гандлёвага рэестра, якія прыводзіць G4Media, Мунцяну з’яўляецца саўладальнікам дзвюх кампаній. Паводле інфармацыі крыніц выдання, адна з іх удзельнічае ў здзелцы, якая стала прадметам расследавання.
У USR паведамілі, што Мунцяну — дэпутат мясцовага савета Тыргавіштэ і намеснік старшыні партыйнай арганізацыі ў жудзецы Дымбавіца. Ён мае грамадзянства Румыніі і Малдовы.
«Калі абвінавачанні, вылучаныя супраць яго DIICOT, пацвердзяцца, да яго будуць прымененыя прадугледжаныя статутам меры, аж да выключэння з USR», — гаворыцца ў заяве партыі.
У USR таксама нагадалі, што Міністэрства замежных спраў на чале з прадстаўніцай партыі Аанай Цою ініцыявала закон аб крымінальнай адказнасці за парушэнне эмбарга і абыход міжнародных санкцый, уключаючы абмежаванні ў дачыненні да Расіі.
UPET — прадпрыемства ў румынскім горадзе Тыргавіштэ, якое вырабляе мабільныя буравыя ўстаноўкі, устаноўкі для рамонту свідравін і іншае нафтагазавае абсталяванне. Кампанія таксама займаецца яго абслугоўваннем і мадэрнізацыяй, гаворыцца на яе афіцыйным сайце.
У прыведзеным паведамленні G4Media не ўдакладняецца роля Палякова і не гаворыцца, што UPET удзельнічала ў меркаванай пастаўцы. Атрымальнік станка ў Беларусі таксама не названы.
