У ракеце «Выраб 30», якая ўдарыла па Харкаве, знайшлі беларускія кампаненты

Украінскія спецыялісты выявілі беларускі электронны кампанент у новай расійскай крылатай ракеце, ужытай пры ўдары па Харкаве. Пра гэта паведаміў упаўнаважаны прэзідэнта Украіны па пытаннях санкцыйнай палітыкі Уладзіслаў Уласюк.

Паводле яго слоў, гаворка ідзе пра распрацоўку з умоўнай назвай «Выраб 30», якую ўкраінскі бок разглядае як далейшае развіццё крылатай ракеты Х-101.

Згодна з папярэднімі данымі ўкраінскага боку, новая мадыфікацыя ракеты атрымала значна больш магутную баявую частку. Яе маса дасягае каля 800 кілаграмаў, з якіх не менш за 200 кілаграмаў прыпадае на выбуховае рэчыва, што прыкладна ўдвая больш, чым у папярэдніх варыянтаў.

Пры вывучэнні абломкаў ракеты спецыялісты таксама прааналізавалі яе электронную кампанентную базу. Паводле слоў Уласюка, сярод выяўленых дэталяў ёсць замежныя мікрасхемы і электронныя кампаненты шэрагу вытворцаў, уключаючы STMicroelectronics, u-blox, Analog Devices, Texas Instruments і беларускі «Інтэграл».

Акрамя таго, у складзе навігацыйнай сістэмы «Камета» на 12 патч-элементаў выяўлены мікрасхемы амерыканскага або кітайскага паходжання. У бартавым блоку кіравання «Багет», як сцвярджае ўкраінскі бок, выкарыстоўваюцца тайваньская памяць, камутацыйны раз’ём нямецкай вытворчасці і мікрасхемы з ЗША.

Паводле слоў Уласюка, усе выяўленыя кампаненты ўжо вывучаны ўкраінскімі спецыялістамі, а інфармацыя пра іх перададзена міжнародным партнёрам. Ён таксама адзначыў, што сярод выяўленых дэталяў ёсць элементы, вырабленыя ў 2023 годзе.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!