У Польшчы і Літве правядуць расследаванні па «файлах Эпштэйна»

Матэрыялы справы амерыканскага фінансіста Джэфры Эпштэйна, апублікаваныя Міністэрствам юстыцыі ЗША, стануць падставай для расследаванняў у Літве і Польшчы.

Сёння Генеральная пракуратура Літвы абвясціла пра пачатак дасудовага расследавання паводле артыкула КК аб гандлі людзьмі.

“У цяперашні час праводзіцца ацэнка агульнадаступнай інфармацыі, аналіз прававой базы і абмен інфармацыяй з партнёрамі. Улады настойліва заклікаюць усіх, хто валодае каштоўнай інфармацыяй або мог стаць ахвярай гэтых магчымых злачынных дзеянняў, звязацца з праваахоўнымі органамі”, — гаворыцца ў заяве Генпракуратуры.

Публікацыя апошніх файлаў па справе Эпштэйна ўжо адбілася на шоу-бізнесе Літвы. У іх было выяўлена імя бізнесмена Валдаса Пятрэйкіса, заснавальніка фестывалю Midsummer Vilnius, а таксама ягонай жонкі. Пятрэйкіс ужо абвясціў, што спыняе сваю дзейнасць у якасці арганізатара мерапрыемства.

У Польшчы таксама будзе праведзена расследаванне. Адпаведнае даручэнне сёння даў прэм’ер-міністр краіны Дональд Туск.

“Я хацеў бы паведаміць вам, што сумесна з міністрам юстыцыі, генеральным пракурорам і міністрам, які каардынуе спецыяльныя службы, мы вырашылі стварыць аналітычную групу і, магчыма, пачаць расследаванне, калі аналізы пацвердзяць нашы асцярогі адносна педафільскага скандалу ў Злучаных Штатах. Як вы ведаеце, гэта абсалютна беспрэцэдэнтны выпадак. Ён прыцягвае ўвагу польскай грамадскасці і міністраў з-за так званых польскіх нітак або слядоў”, — сказаў ён.

Паводле яго слоў, аналітычная група праверыць, ці былі сярод пацярпелых ад дзеянняў Эпштэйна польскія грамадзяне. У дакументах ёсць ускосныя ўказанні на гэта. Ён заклікаў праверыць усе файлы.

Дональд Туск таксама акрэсліў і палітычны кантэкст справы. Ён адзначыў, што ў прэсе з’яўляецца ўсё больш інфармацыі пра магчымыя сувязі Эпштэйна з Расіяй і расійскімі спецслужбамі.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!