Фото: 34mag.net.
Яшчэ адна культурная прастора сталіцы сыходзіць у гісторыю. Каманда бару «Молодой» абвясціла пра закрыццё праекта пасля чатырох гадоў працы. Фінальная кропка будзе пастаўлена 18 красавіка маштабнай развітальнай вечарынай у прасторы «ЭХО».
«Молодой» з’явіўся як прыватная ініцыятыва кампаніі сяброў, якія хацелі стварыць месца, «дзе можна было б дыхаць». Бар пад яблыняй на вуліцы Харужай хутка стаў культавым не толькі праз кактэйлі ці бурбон, але і праз сваю разняволеную атмасферу: тут ладзіліся густоўныя і дасціпныя вечарыны, тут пляткарылі за стойкай і рабілі тое, што ў сучасным Мінску стала рэдкасцю — проста атрымлівалі асалоду ад моманту.
«Герман Юрыч прапанаваў рабіць месца з душой, але без пантоў, каб нам было дзе дыхаць і любіць жыццё. А жыццё тут цяпер у дэфіцыце. Рызыкі відавочныя. Ну і ў *опу!» — узгадвае каманда пачатак свайго шляху.
Гісторыя бару разгортвалася ў рэжыме рэальнага часу ў іх Telegram-канале з іранічнай назвай «Слабоумие и отвага». Гэта быў своеасаблівы публічны дзённік: там каманда шчыра дзялілася ўсімі этапамі — ад фота з будоўлі і да навінак у меню, ад фотаўражанняў з вечарынак і культурных падзей да ўнутраных жартаў. Менавіта гэтая адкрытасць ператварыла звычайных наведвальнікаў у кам’юніці, якая разам з заснавальнікамі прайшла шлях ад той самай першай рюмкі бурбона пад яблыняй да фінальнай вечарыны.
Бар даваў магчымасць выказацца маладзейшым мастакам і музыкам, ствараючы глебу для новых імёнаў. І гэта стварыла аблічча месца.
У сваім Instagram каманда з сумам, але з аптымізмам запрашае на развітальную вечарыну. У яе праграме: прэзентацыя дакументальнага фільма пра гісторыю бару, закладка капсулы часу, аўкцыён рэчаў (айтэмаў) бару — магчымасць забраць часцінку «Молодого» сабе дадому.
«Мы збіраемся, каб моцна-моцна абняцца, успомніць усё самае лепшае, смешнае, тупое і сумнае, сказаць тое, што хацелася, але не паспелася, патужыць і, вядома ж, добра павесяліцца», – не губляе прысутнасці духу «Молодой».
Час і месца развітання: 18 красавіка, прастора «ЭХО» (Незалежнасці 95/5).
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram