Пара з Літвы атрымала 6,5 і 7 гадоў турмы за шпіянаж на карысць Беларусі

Клайпедскі акружны суд прыгаварыў Таццяну Бялецкую і Міндаўгаса Януйціса да 6,5 і 7 гадоў пазбаўлення волі адпаведна. Справа разглядалася ў закрытым рэжыме. Прысуд вынесены сёння, 15 красавіка, паведамляе LRT.

Абое абвінавачаных — грамадзяне Літвы. Януйціс быў членам Саюза стралкоў Літвы, але быў выключаны з арганізацыі.

Паводле даных следства, у маі 2022 года пара адправілася ў Мінск, дзе іх праз пасярэднікаў завербавала Галоўнае разведвальнае ўпраўленне Генштаба Беларусі. Да лістапада 2023 года за грашовую і іншую ўзнагароду яны збіралі і перадавалі інфармацыю пра ваенныя структуры ў Літве і Латвіі.

Паводле матэрыялаў справы, абвінавачаныя перадавалі інфармацыю пра ўзброеныя сілы Літвы, добраахвотніцкую сістэму абароны Літвы, Саюз стралкоў, ваенныя сілы НАТА ў Літве. Таксама ім даручылі збіраць інфармацыю пра прадстаўнікоў беларускай апазіцыі ў Літве і інфармацыю пра літоўцаў, якіх можна было б завербаваць.

Таксама вядома, што ГРУ Беларусі хацела атрымаць даныя пра падрыхтоўку да саміту НАТА ў Вільні, які прайшоў у 2023 годзе, і меры бяспекі на мерапрыемстве.

Сабраная і перададзеная інфармацыя не была засакрэчанай, але ўяўляла каштоўнасць для ўзброеных сіл замежных дзяржаў пры падрыхтоўцы планаў ваеннай агрэсіі або іншых дзеянняў, накіраваных супраць Літвы.

Абвінавачаныя знаходзіліся пад вартай да суда. Прысуд не ўступіў у сілу і можа быць абскарджаны.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!