У Літве затрымалі паляка, які збіраўся з буйной сумай грошай пералезці праз плот у Беларусь
Рэдакцыя Reform.news · 22 мая 2026, 13:13
https://reform.news/be/u-litve-zatrymali-paljaka-jaki-zbira-sja-z-bujnoj-sumaj-groshaj-peralezci-praz-plot-u-belarus/Служба аховы дзяржмяжы Літвы паведаміла пра затрыманне незвычайнага мігранта. Грамадзянін Польшчы з дапамогай лесвіцы збіраўся перабрацца праз плот на мяжы з Беларуссю.
Інцыдэнт адбыўся ў сераду пад Друскінінкаем у раёне населенага пункта Ясконяс. Памежнікі затрымалі 44-гадовага мужчыну ў 200 метрах ад мяжы. У яго была самаробная лесвіца, якую ён збіраўся выкарыстаць, каб пераадолець загароду. Пры гэтым у мужчыны была буйная сума ў злотых і доларах – усяго амаль 60 тыс. еўра ў эквіваленце. У яго таксама былі ровар, заплечнік, спальны мяшок, асабістыя рэчы, уключаючы малаток, нож і цвікі.
Парушальніка выявілі з дапамогай сродкаў назірання, а потым на месца выслалі патруль.
Мужчына пацвердзіў, што збіраўся пералезці праз плот і трапіць у Беларусь. Матывы такога намеру не раскрываюцца.
Пачата расследаванне па факце спробы незаконнага перасячэння дзяржаўнай мяжы і кантрабанды грошай. Мужчына рашэннем суда арыштаваны на месяц.

