МАП запатрабавала ад Беларусі без прамаруджання забяспечыць медыцынскую дапамогу Вячаславу Арэшку
Рэдакцыя Reform.news · 18 лістапада 2026, 17:10
https://reform.news/be/map-zapatrabavala-ad-belarusi-bez-pramarudzhannja-zabjaspechyc-medycynskuju-dapamogu-vjachaslavu-arjeshku/Адміністрацыйны савет Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) зноў заклікаў улады Беларусі вызваліць усіх прафсаюзных актывістаў, якія знаходзяцца ў зняволенні за сваю прафсаюзную дзейнасць. Асаблівую занепакоенасць арганізацыя выказала станам здароўя палітвязня Вячаслава Арэшкі, запатрабаваўшы неадкладна забяспечыць яму неабходнае медыцынскае абследаванне і дапамогу.
Адпаведнае рашэнне апублікавана 17 лістапада па выніках 358-й сесіі Адміністрацыйнага савета МАП. У дакуменце адзначаецца, што беларускія ўлады зноў не далі новай інфармацыі аб выкананні рэкамендацый камісіі па расследаванні парушэнняў правоў прафсаюзаў, а таксама профільных камітэтаў МАП.
Арганізацыя заклікала ўлады Беларусі перагледзець сваю пазіцыю, вызваліць зняволеных прафсаюзных актывістаў і пачаць паўнавартаснае супрацоўніцтва са спецыяльным пасланнікам МАП. Акрамя таго, МАП заклікала гарантаваць, што зняволеных прафсаюзных актывістаў не прыцягваюць да прымусовай працы і не падвяргаюць жорсткаму абыходжанню ў якасці пакарання за прафсаюзную дзейнасць.
Арганізацыя таксама запатрабавала вырашыць праблемы з дакументамі і пенсійнымі выплатамі вызваленых прафсаюзных лідараў. Гаворка ідзе пра нявернутыя пашпарты Аляксандра Ярашука і Генадзя Фядыніча, спыненне выплаты ім пенсій, а таксама ануляванне пашпарта Максіма Сеніка.
МАП паўторна запатрабавала ад беларускіх уладаў дапусціць у краіну дзве міжнародныя місіі. Першая павінна забяспечыць наведванне зняволеных прафсаюзных актывістаў незалежнымі ўрачамі для ацэнкі іх здароўя і аказання неабходнай дапамогі. Другая, трохбаковая місія МАП, павінна вывучыць сітуацыю і наведаць прафсаюзных актывістаў у месцах пазбаўлення волі.
Таксама прынята рашэнне падтрымаць падаўжэнне паўнамоцтваў спецыяльнага пасланніка МАП па Беларусі на 2027 год. Ён павінен прадставіць чарговы даклад у сакавіку.
Інфармацыя аб сітуацыі ў Беларусі будзе накіравана Камітэту па праверцы паўнамоцтваў Міжнароднай канферэнцыі працы, якая адбудзецца ў 2027 годзе.
МАП заклікала ўрады, працадаўцаў і работнікаў дзяржаў-членаў працягнуць выкананне мер, рэкамендаваных у дачыненні да Беларусі ў адпаведнасці з артыкулам 33 Статута арганізацыі.
Нагадаем, раней паведамлялася, што 71-гадовы палітвязень, актывіст незалежнага прафсаюза РЭП Вячаслаў Арэшка цалкам страціў зрок у калоніі №22 у Івацэвічах.
Вячаслава Арэшку затрымалі ў красавіку 2022 года. Яго абвінавацілі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку паводле артыкула аб стварэнні экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзеле ў ім. У 2023 годзе яго прысудзілі да 8 гадоў пазбаўлення волі. Трэці год ён знаходзіцца ў калоніі №22 у Івацэвічах.
Праваабаронцы ўключылі Арэшку ў спіс са 170 палітвязняў, асабліва ўразлівых з-за стану здароўя, і дамагаюцца яго найхутчэйшага вызвалення.
Паводле даных крыніц «Радыё Свабода», на працягу года Арэшка фігураваў у спісах зняволеных, вызвалення якіх дамагаліся пры ўдзеле амерыканскага боку. Аднак ён дагэтуль застаецца ў зняволенні, у адрозненне ад іншых актывістаў незалежных прафсаюзаў, якія праходзілі па адной з ім справе.
