У Ігналінскім, Уцянскім, Швянчонскім, Зарасайскім раёнах і ў Віленскай акрузе Літвы абвешчана паветраная трывога з-за меркаванага дрона, заўважанага ў Беларусі каля літоўскай мяжы.
«У Ігналінскім, Уцянскім, Швянчонскім і Зарасайскім раёнах абвешчана папярэджанне для насельніцтва аб пагрозе з паветра («Жоўты»). Прычына — на тэрыторыі Беларусі паблізу мяжы Літвы ў цяперашні час назіраецца радыёлакацыйная адзнака з прыкметамі, характэрнымі для беспілотных лятальных апаратаў. З літоўскага боку былі задзейнічаны знішчальнікі, якія выконваюць місію паветранай паліцыі NATO», — паведамляе армія Літвы. Пазней паветраную трывогу абвясцілі і ў Віленскім раёне.
Жыхары гэтых раёнаў атрымалі паведамленні пра магчымую паветраную пагрозу. Ім рэкамендавалі прадугледзець бяспечнае месца.
Статус «Жоўты» азначае, што атака верагодная, але пакуль не адбываецца, аднак жыхарам варта загадзя вызначыць сховішчы на выпадак, калі статус зменіцца на «Чырвоны».
Дапоўнена ў 10:30
Для Віленскай акругі абвешчаны чырвоны ўзровень небяспекі. Жыхарам рэкамендавана прайсці ў сховішчы.
Паветраная прастора над Віленскім аэрапортам часова закрыта з 10:00 да 11:00.