Гитанас Науседа. Фото: facebook.com/nausedagitanas
Сёння прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа правядзе сустрэчу, на якой будзе абмяркоўвацца канстытуцыйная норма, што забараняе размяшчэнне ядзернай зброі ў краіне. Пра гэта паведамляе BNS.
На сустрэчу запрошаныя кіраўніцтва Сейма і ўрада, старэйшыны парламенцкіх фракцый.
Як адзначае агенцтва, дыскусія вакол гэтага пытання актывізавалася пасля таго, як прэзідэнт Літвы ў маі наклаў вета на закон аб порце Клайпеды. У ім была прадугледжана норма, якая дазваляла б суднам з ядзернай зброяй заходзіць у порт, калі гэта не супярэчыць інтарэсам нацыянальнай бяспекі. Тады Наўседа аргументаваў вета наяўнасцю супярэчнасцей з Канстытуцыяй. Яна прадугледжвае, што на тэрыторыі Літвы не можа знаходзіцца зброя масавага паражэння.
Не выключаецца, што вынікам дыскусіі могуць стаць змены ў Асноўны закон. Такую магчымасць ужо дапусцілі сам Наўседа, кіраўніцтва кіруючай партыі, а таксама кансерватары, якія знаходзяцца ў апазіцыі.
Для ўнясення паправак неабходна, каб не менш за 94 з 141 парламентарыя двойчы прагаласавалі за іх з інтэрвалам у тры месяцы.