У Латвіі ўпалі два беспілотнікі

У Латвіі сёння ноччу ўпалі два беспілотнікі. Яны заляцелі з паветранай прасторы Расіі. Усяго быў зафіксаваны залёт некалькіх БПЛА.

Латвійскія вайскоўцы паведамілі, што зафіксавана падзенне двух беспілотнікаў. На месцы здарэння знаходзяцца падраздзяленні Узброеных сіл, паліцыі і Дзяржаўнай пажарна-выратавальнай службы, паведамляе LSM.

Паводле інфармацыі пажарных, каля 3:30 на тэлефон экстраных службаў паступіла некалькі званкоў пра магчымы пажар на нафтабазе ў Рэзэкнэ. Прыбыўшы на месца, пажарныя ўстанавілі, што адкрытага гарэння няма. Былі прыняты меры для ахалоджвання аднаго з рэзервуараў.

Мясцовыя жыхары паведамляюць, што ноччу чулі палохальныя гукі, у тым ліку гул рухавікоў. Таксама былі чутныя гукі, падобныя да выбухаў, і ўспышкі святла.

Здымачная група латвійскага тэлебачання, працуючы на месцы здарэння ў Рэзэкнэ, зняла пралёт яшчэ аднаго беспілотніка.

Папярэджанне пра пагрозу дзейнічае ў трох раёнах.

Дапоўнена

Старшыня думы Рэзэкнэнскага краю Гунтарс Скудра пацвердзіў, што адзін з дронаў упаў на тэрыторыі Рэзэкнэнскага філіяла прадпрыемства East-West Transit. Дрон трапіў у пусты нафтавы рэзервуар.

Прэм’ер-міністр Эвіка Сіліня пасля завяршэння інцыдэнтаў з дронамі ў Латгаліі чакае справаздачу адказных міністраў пра тое, што адбылося.

Міністр абароны Латвіі Андрыс Спрудс дапусціў, што дроны маглі быць накіраваныя на мэты ў Расіі з боку Украіны, аднак падкрэсліў, што пакуль гэта толькі здагадкі, і інфармацыю неабходна ўдакладніць.

Фота: LSM
🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!