Фото: facebook.com/LVCELI
У Латвіі плануюць прыбраць назвы населеных пунктаў Беларусі і Расіі з дарожных знакаў. На гэта выдаткуюць каля 120 тысяч еўра, піша LSM са спасылкай на Latvijas Radio.
Міністэрства паведамлення Латвіі лічыць, што запыт на выдаленне беларускіх і расійскіх тапонімаў з дарожных знакаў ёсць у палітыкаў і грамадскасці і звязаны з вайной Расіі супраць Украіны.
Паводле даных дзяржаўнай арганізацыі Latvijas valsts ceļi, адказнай за ўтрыманне дарог, замене могуць падлягаць 235 знакаў.
Замена або змяненне знакаў толькі на дзяржаўных аўтадарогах можа абысціся, паводле папярэдніх разлікаў, у 120 тысяч еўра. Паводле слоў міністра паведамлення Талівалдзіса Вецтырнаса, цяпер вядуцца падрыхтоўчыя работы, а замена або карэкціроўка знакаў пачнецца ў сезон будаўнічых работ пры адпаведным надвор’і.
«Акрамя таго, гэта не так ужо проста — пачаць ужо заўтра ўсё мяняць. Не, спачатку трэба было правесці ацэнку. Гэтыя знакі розныя, розных перыядаў, рознага памеру. Поўная замена аднаго дарожнага знака можа каштаваць нават 10 000 еўра — калі гаворка ідзе пра вялікія шчыты», — адзначыў міністр.
Акрамя гэтага, назвы беларускіх і расійскіх гарадоў сустракаюцца на муніцыпальных дарогах у Даўгаўпілсе і Рэзэкнэ. Мінпаведамлення лічыць, што такія знакі павінны мяняць органы мясцовага самакіравання за кошт уласных сродкаў.