Cцэна на спектакля "Маё каханне". Фота: Maura Zablocka.
27 і 28 сакавіка ў Кракаве прайшлі першыя паказы спектакля «Мае каханне» («Moja miłość») — сумеснай працы беларускіх і польскіх творцаў. Пастаноўка даследуе прыроду дыктатуры і ідэалогію «рускага міру» праз прызму існавання Queer-супольнасці, якая сёння ў Беларусі апынулася пад пагрозай крыміналізацыі.
Тэатр як адказ на рэпрэсіі
Ідэя спектакля нарадзілася ў 2025 годзе падчас працы беларуска-польскай каманды ў драматургічнай лабараторыі «Простыя словы» (куратар — Раман Паўлоўскі) у Любліне. Пунктам выйсця для аўтараў стала драматычная сітуацыя ў Беларусі, дзе рыхтуецца закон аб фактычнай забароне любой Queer-сімволікі — ад адзення да твораў мастацтва.
Стваральнікі спектакля ставяць сабе за мэту зразумець прычыны нянавісці дыктатараў кшталту Лукашэнкі ці Пуціна да Queer-супольнасці, бо менавіта гэтая непрымальнасць «іншасці» ляжыць у падмурку агрэсіўнай палітыкі Расіі і яе ідэалогіі.
«Сіла слабых» і пачуццё гумару
Нягледзячы на вострую тэматыку, «Moja miłość» не з’яўляецца дакументальнай хронікай пакутаў. Аўтары свядома адмаўляюцца ад вобразаў «ахвяраў».
«Нам важна паказаць не ахвяраў, а наадварот — іх сілу. Тэма спектакля — гэта сіла слабых. А сілай слабых з’яўляецца таксама пачуццё гумару. Гэта забаўны спектакль», — адзначаюць яны.
У цэнтры сюжэта — «прывід дыктатара», які не можа памерці і заўсёды адраджаецца ў новых формах, інфікуючы грамадства марамі пра калектыўны гвалт. Гэты прывід сустракаецца з вольным Queer-мастаком, і іх сутыкненне ператвараецца ў дзіўную сувязь любові і нянавісці. Аўтары прапануюць паглядзець на гэты канфлікт як на ўніверсальнае супрацьстаянне таталітарызму і свабоднай асобы.
Хто аўтары?
Рэжысёрам пастаноўкі выступае Мацей Гарчыньскі.
Сцэнар і драматургія: Ежы Душэўскі, Мацей Гарчынскі, Адам Крэпскі.
Музыка: Пётр Карзеняк.
У ролях: Ежы Душэўскі, Адам Крэпскі.
Бліжэйшыя паказы спектакля ў тэатры BARAKAH адбудуцца 29 сакавіка і 12 красавіка а 19:00.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram