У Ізраілі выявілі беларускія тэксты, запісаныя на «яўрэіцы»

Даследчык, пісьменнік і паліглот Ёэль Мацвееў каля месяца таму вывучаў чарговую серыю «вядзьмарскіх» рукапісаў і ў пошуку на сайце Нацыянальнай бібліятэкі Ізраіля выявіў рукапісы, дзе цэлыя старонкі былі напісаныя яўрэйскімі літарамі па-беларуску, расказаў даследчык “Радыё Рацыі”.

Мяркуючы па знойдзеных рукапісах XVIII – ХІХ стагоддзяў, беларускія замовы былі шырока распаўсюджаныя сярод яўрэяў і сістэматычна запісваліся «яўрэіцай».

Сярод знаходак — магічныя замовы, загаворы і элементы практычнай Кабалы, якія могуць быць звязаныя з загадкавым рукапісам, апісаным яшчэ Змітраком Бядулем у 1921 годзе.

Перакладчык Сяргей Шупа праглядзеў адзін са знойдзеных рукапісаў і паказаў, што, напэўна, гэта і ёсць той самы рукапіс, які вывучаў Змітрок Бядуля. «У артыкуле Бядулі ў «Вольным сьцягу» (дзе згадваецца фэерычны мінскер Міхал Рабіновіч) расказваецца пра таямнічы рукапіс чарнакніжніка, які Бядулю далі памацаць. М. Рабіновіч марыў пра тое, каб той рукапіс скапіяваць, вывучыць, дасьледаваць… Але яму самому далі яго толькі на пару дзён. А куды пасьля той рукапіс падзеўся – невядома, усе сьляды замяліся гістарычнымі завеямі страшнага ХХ стагодзьдзя, – піша Сяргей Шупа ў Фэйсбуку.

– Але! Нядаўна піцерскі чалавек Yoel Matveyev, які свабодна валодае кучай моваў (у ягоным сьпісе мяне асабліва замілоўвае ірляндзкая), зацікавіўся тэмай славянскамоўных элемэнтаў у яўрэйскіх тэкстах і выявіў з пару дзясяткаў рукапісаў, дзе такое трапляецца.

Я тыя ягоныя знаходкі перабраў і – bingo! – падобна што натрапіў (агаваруся: зь вялікай доляй верагоднасьці) на той фаліянт зь Бядулевага артыкулу!!!

Гэты рукапіс уяўляе сабой такі сабе мануал Практычнай Кабалы (загадкавая навука, з дапамогай якой, напрыклад, праскі Магарал зьляпіў і актываваў свайго Голема), а таксама апісаньне лекаў, замоваў і амулетаў і ўсяго такога іншага – усяго ў рукапісе пад 700 старонак, «з ваколіц мястэчак Радашкавічы і Сьмілавічы»…

Тэкст уяўляе сабой практычны дапаможнік па магіі з апісаннем лекаў, амулетаў і замоваў, але галоўная яго каштоўнасць у тым, што ён фіксуе ўзаемапранікненне яўрэйскіх і беларускіх містычных традыцый.

У рукапісе адбылося зліццё дзвюх міфалогій. Апісваючы змест дакумента, Змітрок Бядуля адзначаў: «Сярод розных таемных малітваў Кабалы, побач з жыдоўскімі анёламі, сустракаецца беларуская Мара і святы Мікола». Таксама Бядуля піша, што беларускіх загавораў вельмі мала захавалася ў запісах этнографаў, «бо нашыя няграматныя чараўнікі і знахары не ахвотна дыктавалі свае таемныя загаворы прадстаўнікам этнаграфічных экспэдыцыяў, па большай часьці зусім адмаўляліся даваць, нашто скаржацца ўсе нашыя этнографы і вучоныя. А ў гэтым рукапісе маем замацавана на паперы таемнасьць-таемнасьцяў гэтай “чорнай” навукі».

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!