Максим Шабуцкий. Скриншот видео
У Гродне прызначылі завочны суд над Максімам Шабуцкім. Пра гэта паведаміў тг-канал «Права маюць». Працэс пачнецца 26 студзеня ў Гродзенскім раённым судзе.
У верасні 2025 года Следчы камітэт пачаў спецвытворчасць у дачыненні да Шабуцкага. У кастрычніку Пракуратура Гродзенскай вобласці паведаміла, што справа ў дачыненні да блогера накіраваная ў суд.
Тады паведамлялася, што Максіма Шабуцкага абвінавачваюць па двух дзясятках артыкулаў (ч. 3 арт. 361, ч. 3 арт. 130, ч. 1 арт. 293, ч. 1 арт. 342, ч. 1 арт. 367, ч. 2 арт. 367, ч. 1 і ч. 2 арт. 368, арт. 369, арт. 391, арт. 188, арт. 369-1, арт. 370, ч. 2 арт. 361-2, ч. 1 арт. 361-4 (у рэдакцыі Закона Рэспублікі Беларусь ад 26 мая 2021 года), ч. 2 арт. 361-4, ч. 1, ч. 2 і ч. 3 арт. 361-1, ч. 2 арт. 285, ч. 1 арт. 361-3, арт. 361-5 і ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэкса).
Шабуцкаму інкрымінуецца стварэнне ў 2020 годзе «экстрэмісцкага фарміравання» з адміністратараў, кіраўнікоў і ўдзельнікаў YouTube-канала «Максім Шабуцкі» і Telegram-канала «Група Шабуцкі». Таксама яго абвінавачваюць у тым, што на гэтых і іншых належных яму рэсурсах ён размясціў «інфармацыйныя матэрыялы экстрэмісцкага характару».
Шабуцкаму інкрымінуецца ўдзел у Палку Каліноўскага, а таксама стварэнне блока «Незалежныя беларусы» на выбарах у Каардынацыйны савет і ўдзел у КС.
Абвінавачанне ўмяняе Шабуцкаму маёмасную шкоду, прычыненую дзяржаве, у суме каля 31 млн рублёў.
Нагадаем, беларускія ўлады выкарыстоўваюць абвінавачанні ў экстрэмізме для пераследу палітычных апанентаў.