Фото: Reform.by
У Беларусі з’явіцца KYT-правайдар для кантролю крыптавалютных аперацый.
У беларускім ПВТ з’явіцца KYT-правайдар для кантролю за крыптавалютнымі аперацыямі. Гэтае пытанне сёння абмяркоўвалася на пасяджэнні Назіральнага савета ПВТ ва ўрадзе пад старшынствам прэм’ер-міністра Аляксандра Турчына.
Паводле слоў першага намесніка начальніка сакратарыята Назіральнага савета ПВТ Дзмітрыя Калечыца, на сённяшнім пасяджэнні абмяркоўваліся два дакументы — аб патрабаваннях для атрымання статусу крыптабанка і аб патрабаваннях да правілаў унутранага кантролю.
У першым дакуменце будуць адлюстраваныя пытанні, звязаныя з працай з крыптаактывамі і элементамі банкаўскага кіравання.
«Ён распрацоўваўся сумесна з Нацыянальным банкам. Ён устанаўлівае базавыя патрабаванні да структуры бізнес-плана, патрабаванні да заяўнікаў, патрабаванні да бенефіцыяраў, да інфармацыйнай сістэмы, у якой будзе функцыянаваць крыптабанк», — растлумачыў Калечыц.
Другі дакумент накіраваны на супрацьдзеянне легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам, і фінансаванню тэрарызму.
«Дакумент вызначае адзіныя, сістэмныя падыходы да працы ў гэтым кірунку. Па сутнасці, ён сумяшчае тое рэгуляванне, якое існуе ў банкаўскім сектары, з асаблівасцямі функцыянавання крыптабанка. У цэлым гэтыя два дакументы завяршаюць фарміраванне прававой базы, неабходнай для функцыянавання крыптабанкаў, і даюць непасрэдна важны сігнал для ўсёй крыптаэкасістэмы, што можна і трэба рухацца ў гэтым кірунку», — заявіў Калечыц.
На пасяджэнні таксама абмяркоўвалася выкарыстанне тэхналогіі KYT (Know Your Transaction) для маніторынгу фінансавых транзакцый з мэтай выяўлення падазронай актыўнасці і прадухілення адмывання грошай.
«Выносіцца таксама пытанне аб увядзенні новага віду дзейнасці ў рамках юрысдыкцыі ПВТ. Гэта KYT-правайдар (ведай сваю транзакцыю). Гэта вельмі важны элемент з пункту гледжання фарміравання бяспечнага і стабільнага функцыянавання сектара крыптавалютных пераводаў.
Гэта патрабаванне міжнародных арганізацый у галіне супрацьдзеяння легалізацыі злачынных даходаў і фінансаванню тэрарызму. Таксама гэта будзе накіравана на тое, каб развіваць айчынныя рашэнні ў Беларусі, якія пабудаваныя ў рамках гэтай бізнес-логікі, г.зн. гэта, адпаведна, яшчэ і дадатковае павышэнне патэнцыялу Парка высокіх тэхналогій нашай краіны ў цэлым», — заявіў Калечыц.