У Беларусі спрасцяць атрыманне дазволу на пастаяннае пражыванне для высокакваліфікаваных замежнікаў. Такая норма дададзена пры падрыхтоўцы да другога чытання законапраекта «Аб змяненні законаў па пытаннях дзяржаўнай дактыласкапічнай рэгістрацыі». Сёння дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі дадзены праект у другім чытанні.
“У дачыненні да замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія з’яўляюцца высокакваліфікаванымі работнікамі, прапануецца адмяніць патрабаванне аб трохгадовым тэрміне бесперапыннага пражывання ў Рэспубліцы Беларусь для атрымання імі дазволу на пастаяннае пражыванне”, — патлумачыў член камісіі ПП НС па нацыянальнай бяспецы Міхаіл Аксянюк.
Таксама сярод паправак, унесеных да другога чытання, — надзяленне памежнікаў правам праводзіць асабісты дагляд грамадзян і дагляд рэчаў, якія знаходзяцца пры іх, у тым ліку з выкарыстаннем тэхнічных і спецыяльных сродкаў, у межах пагранічнай тэрыторыі.
Як паведамілі ў Палаце прадстаўнікоў, законапраект змяшчае наступныя палажэнні:
- усталяваць абавязак юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, якія ажыццяўляюць міжнародныя перавозкі пасажыраў аўтатранспартам, бязвыплатна перадаваць звесткі аб пасажырах у інфармацыйныя сістэмы Міністэрства транспарту і камунікацый;
- замацаваць абавязак праходзіць абавязковую дзяржаўную дактыласкапічную рэгістрацыю для дадатковых катэгорый замежных грамадзян, асоб без грамадзянства і грамадзян Рэспублікі Беларусь;
- упаўнаважыць органы памежнай службы на правядзенне абавязковай дактыласкапічнай рэгістрацыі ў прадугледжаных заканадаўчымі актамі выпадках;
- замацаваць магчымасць перадачы ў Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз дактыласкапічнай інфармацыі, атрыманай органамі памежнай службы, у парадку, вызначаным сумесна гэтым і Дзяржаўным пагранічным камітэтамі;
- удакладніць парадак доступу зацікаўленых дзяржаўных органаў да інфармацыйных рэсурсаў, якія змяшчаюць дактыласкапічную інфармацыю;
- прадаставіць права супрацоўнікам органаў памежнай службы і службовым асобам мытных органаў праводзіць асабісты дагляд грамадзян і дагляд рэчаў, якія знаходзяцца пры іх, у тым ліку з выкарыстаннем тэхнічных і спецыяльных сродкаў, пры ажыццяўленні памежнага кантролю;
- адмяніць выдачу спецыяльнага дазволу замежным грамадзянам і асобам без грамадзянства, якія часова знаходзяцца і часова пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, для ажыццяўлення імі разавай рэалізацыі тавараў на рынках і ў іншых устаноўленых месцах.
У раней апублікаваным праекце меркавалася, што абавязковая дактыласкапічная рэгістрацыя ўводзіцца для наступных катэгорый грамадзян Беларусі:
- якія набылі грамадзянства (падданства) замежнай дзяржавы або атрымалі від на жыхарства ці іншы дакумент замежнай дзяржавы, што дае права на льготы і іншыя перавагі ў сувязі з палітычнымі, рэлігійнымі поглядамі або нацыянальнай прыналежнасцю, і праінфармавалі пра гэта органы ўнутраных спраў або дыпламатычныя прадстаўніцтвы ці консульскія ўстановы Рэспублікі Беларусь ва ўстаноўленым парадку;
- якія пастаянна пражываюць за межамі Рэспублікі Беларусь і сталі на консульскі ўлік грамадзян, што аформілі выезд для пастаяннага пражывання (якія аформілі пастаяннае пражыванне) за межамі Рэспублікі Беларусь у дыпламатычных прадстаўніцтвах або консульскіх установах Рэспублікі Беларусь.
Яна будзе праводзіцца пры выдачы і абмене дакументаў, якія сведчаць асобу. Выключэнне зроблена для беларусаў, якім не споўнілася 14 гадоў, а таксама для асоб, старэйшых за 75 гадоў.
🔥
Падтрымайце Reform.news данатам!