Фото: t.me/ndsmi
У Жлобіне з даху дзевяціпавярховага жылога дома 1993 года пабудовы абрынуўся фрагмент жалезабетоннага парапета памерам 0,4 на 3 метры. Інцыдэнт адбыўся 8 мая ў 19-м мікрараёне, паведамляе прэс-служба МНС.
Абломкі ўпалі на прыбудаваны аднапавярховы будынак крамы «Капеечка». У выніку пашкоджаныя 5 квадратных метраў сэндвіч-панэляў даху і 10 квадратных метраў падвеснай столі крамы. На шчасце, пацярпелых няма. Праца крамы прыпыненая.
Меркаванай прычынай абрушэння называецца натуральны знос і старэнне будаўнічых канструкцый шматпавярховіка.
Як паведамляе «Новы дзень», была створаная рабочая група пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама, старшыні камісіі па надзвычайных сітуацыях райвыканкама Сяргея Андрусева. Паводле яго слоў, жылкамсэрвісу даручана абследаваць усе парапеты дома з прыцягненнем спецыяльнай праектнай арганізацыі.
«Будзе выпрацавана рашэнне па дадатковым замацаванні парапетаў або ж іх замене. Ніхто не пацярпеў», — заявіў ён.