Фота: facebook/YermilovCentre
Вялікі міжнародны праект «Пачуццё бяспекі. Масты салідарнасці» атрымаў узнагароду House of Europe ў намінацыі Best International Cultural Cooperation. Праект быў рэалізаваны ў партнёрстве з аntiwarcoalition.art і Амбасадай культуры.
Праект «Пачуццё бяспекі. Масты салідарнасці» адкрыўся напрыканцы жніўня 2024 года ў Харкаве ў інстытуцыі сучаснага мастацтва ЄрміловЦентр. Сярод галоўных яго мэтаў – падкрэсліць жыццеўстойлівасць і крэатыўнасць Харкава, горада, які штодня сутыкаецца з цяжкасцямі, і стварыць механізмы падтрымкі, якія б аб’ядналі Харкаў і сусветную супольнасць. Дзеля гэтага ў межах праекта былі створаны «Масты салідарнасці», якія ўключыла ў сябе больш за 20 мерапрыемстваў у 12 краінах, як анлайн, так і афлайн.
Каманда праекта складалася з беларускіх і ўкраінскіх куратараў: Таццяны Качубінскай, Аляксандра Камарова, Марыны Коневай, Антаніны Сцебур, Максіма Тымінько.
«Узнагарода за лепшую міжнародную культурніцкую каааперацыю House of Europe – важная найперш для самаго ЄрміловЦентра, установы, якая з 2014 года знаходзіцца на фронтлайне вайны, – пракаментавала падзею адна з куратарак праекта Антаніна Сцебур. – Мне падаецца, што гэта вельмі важны жэст і важнае прызнанне для людзей, якія там працуюць. Сам праект быў вельмі шматслойным, бо складаўся і з выставы ў Харкаве, і з «Мастоў салідарнасці» – шэрагу падзей у розных краінах, якія звязалі Харкаў з астатнім светам, выбудавалі сувязі, якія паказалі сусветную падтрымку гэтаму гораду. У праекце ўдзельнічала больш за 20 арганізацый па ўсім свеце».
«Каманда ЄрміловЦентр выказвае бязмежную падзяку ўсім партнёрам і калегам за натхнёнае супрацоўніцтва і смеласць рэалізаваць гэты праект у Харкаве падчас поўнамаштабнага ўварвання. Гэта надзвычай важны жэст салідарнасці і падтрымкі нашага горада і яго супольнасці», – паведамляецца ў сацсетках інстытуцыі.
Пра праект «Пачуццё бяспекі. Масты салідарнасці» Reform.news даваў вялікі матэрыял якраз напярэдадні адкрыцця.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram