Наталья Петкевич. Фото: пресс-служба правительства
У Беларусі могуць зрабіць бясплатнай і другую спробу экстракарпаральнага апладнення. Першая спроба з’яўляецца бясплатнай для пэўных катэгорый пацыентаў з 2021 года. Сёння ў Аляксандра Лукашэнкі прайшла нарада па праекце адпаведнага ўказа.
Дакумент прадугледжвае, што жанчыне могуць быць прадастаўлены дзве бясплатныя спробы ЭКА. Такое права будуць мець як замужнія, так і адзінокія жанчыны. Як заявіла пасля нарады віцэ-прэм’ер Наталля Пяткевіч, Лукашэнка мае намер падпісаць указ.
“Няхай гэта будзе і не нейкая каласальная колькасць дзяцей, якая вырашыць дэмаграфічныя праблемы ў глабальным маштабе, але кожнае дзіця, кожны новы грамадзянін Беларусі — гэта вялікае шчасце і вялікая радасць”, — сказала яна.
Паводле яе слоў, пакуль даручана ўзгадніць дакумент з Беларускім саюзам жанчын, каб пачуць меркаванні па гэтым пытанні не толькі ад медыкаў.
Як паведамляецца, за 4 гады ў Беларусі дзякуючы праграме па прадастаўленні адной бясплатнай спробы ЭКА за кошт дзяржавы нарадзіліся 2528 чалавек. Яна даступная сямейным парам пры наяўнасці медыцынскіх паказанняў, адсутнасці супрацьпаказанняў і ўзросце жонкі да 40 гадоў.
Падчас нарады Лукашэнка заявіў, што праграма дапамагае вырашаць дэмаграфічныя праблемы.
“Вядома, дзеці — гэта святое. Вы маё стаўленне да дзяцей ведаеце. Таму я як прэзідэнт, а вы як мае падначаленыя — мы павінны рабіць усё (і не толькі ў Год жанчыны), каб жанчына была шчаслівая. А якое шчасце ў жанчыны, калі ў яе няма дзяцей? Дзеці — гэта шчасце нашай жанчыны”, — сказаў ён.