Фота: t.me/iinanb
У выніку нядаўніх археалагічных даследаванняў на карту Беларусі вярнуўся яшчэ адзін замак канца XVI – першай паловы XVII стагоддзя.
Археалагічная экспедыцыя Інстытута гісторыі НАН Беларусі працуе ў Нараўлянскім раёне Гомельскай вобласці. Падчас даследаванняў у вёсцы Антонава выяўлены мураваныя канструкцыі раней навукова не апісаных фартыфікацыйных пабудоў інкастэляванага (абарончага) двара (ці замка) XVI–XVII стагоддзяў старасты аршанскага і знакамітага палеміста Філона Кміты-Чарнабыльскага і яго зяця, двараніна гаспадарскага Лукаша Сапегі, піша тэлеграм-канал Інстытута гісторыі.
На першай адносна падрабязнай Радзівілаўскай карце 1613 года Антонаў ахарактарызаваны як «pagus cum domo nobilis» («сяло з домам нобіля»), а для яго ўмоўнага пазначэння выкарыстаны сімвал абарончай вежы.
Вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі Алег Дзярновіч адзначае, што падчас даследавання, верагодна, былі выяўлены якраз канструкцыі падмурка абарончай вежы, якая ўзвышалася над ракой Славечнай і была вядома паводле інвентара 1628 года. Для будаўніцтва вежы выкарыстоўвалася пашыраная ў той час цэгла-пальчатка з характэрнымі бароздкамі на пасцелі (паверхні).
Аднак помнік падмывае рака Славечна, якая некалі бараніла замак. Значная частка пагорка з пабудовамі ўжо апынулася ў рацэ. Разам з гэтым матэрыялам на беразе і ў вадзе апынулася значная колькасць кафлі канца XVI – пачатку XVII стагоддзяў. Частка гэтых вырабаў дэкаратыўна-архітэктурнай керамікі знаходзіцца ў музеі сярэдняй школы №2 у Нароўлі.
Падчас экспедыцыі, апроч таго, былі выяўлены рэшткі абарончага валу. Сам «двор нобіля» і сяло Антонаў былі разбураны, верагодна, падчас рэйдаў казацкіх аддзелаў у сярэдзіне XVII стагоддзя.